cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Ватыканскі дыпламат у ААН пра правы мігрантаў

Ватыканскі дыпламат у ААН пра правы мігрантаў - AFP

09/05/2017 11:22

Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы ў чарговы раз нагадала ў ААН пра правы мігрантаў. Арцыбіскуп Іван Юркавіч, які ўзначаліў ватыканскі бок на першай тэматычнай кансультацыі, што прайшла 8 мая 2017 г. у Жэневе адносна Глабальнай дамовы па бяспечнай, упарадкаванай і рэгулярнай міграцыі, заўважыў, што дакумент уяўляе беспрэцэдэнтную магчымасць перайсці ад “рэактыўнага” да больш прадказальнага, скаардынаванага, кіраванага і комплекснага падыходу да міграцыі.

Пастаянны назіральнік пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый заклікаў да фарміравання дальнабачнай стратэгіі, у якой цэнтральнае месца заняў бы чалавек. У Глабальнай дамове мігранты павінны стаць актыўнымі дзеючымі асобамі. Зыход перамоў па гэтай тэме стане сапраўднай лакмусавай паперкай братэрства і салідарнасці сям’і народаў, лічыць ён.

Іерарх спаслаўся на словы папы Францішка, які неаднойчы падкрэсліваў, што нерэгулярны прававы статус мігранта не дае права адбіраць у яго годнасць. Міграцыя можа ўнесці свой уклад у дабрабыт краін паходжання. Абарона неад’емных правоў мігрантаў, забеспячэнне іх асноўных свабод, а таксама павага да іх годнасці не толькі маральны абавязак, але і агульная этычная адказнасць, якая павінна перакладацца на канкрэтныя і вымерныя дзеянні.

Да таго часу, як драматычная сітуацыя беднасці, канфліктаў, пераследу і насілля будзе захоўвацца ў краінах паходжання, а камерцыйныя інтарэсы кантрабандыстаў будуць працягваць квітнець, надзеі мігрантаў не споўняцца. Людзям павінна быць гарантавана права знайсці ва ўласнай радзіме ўмовы, неабходныя для годнага жыцця, падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Юркавіч нагадаў пра шматлікіх дзяцей-мігрантаў, якія, пазбаўленыя суправаджэння сваіх бацькоў, становяцца ахвярамі жорсткага абыходжання і насілля. Дзеці, у большасці краінаў, якія іх прымаюць, пазбаўлены палітычнага і грамадскага ўплыву, таму іх патрэбы часта ігнаруюцца. У гэтым кантэксце іерарх нагадаў пра асноўную адказнасць і першасныя правы бацькоў на навучанне і выхаванне сваіх дзяцей.

Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы заклікала, каб міжнародныя абавязацельствы не сталі ў канчатковым выніку выключна ўсёабдымным наборам правоў і палітычных намераў, але рэалізаваліся на практыцы, падмацаваныя Глабальнай дамовай па бяспечнай, упарадкаванай і рэгулярнай міграцыі.


09/05/2017 11:22