2017-05-09 12:55:00

Кардынал-прэфект: у Ватыкане будзе працаваць больш свецкіх


У будучыні ў ватыканскіх установах павінна быць больш свецкіх, асабліва ў тых, якія займаюцца справамі лаікату. Аб гэтым сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, кардынал Кэвін Джозэф Фарэл у інтэрв'ю агенцтву “CNA”.

Упершыню ватыканскае права ў канстытуцыі дыкастэрыі абавязвае да таго, каб падсакратарамі былі свецкія, і дае магчымасць рабіць іх сакратарамі, нагадаў іерарх з ЗША. Ён прызнаўся, што зараз яго каманда шукае адпаведны персанал для выканання задач установы, якая была створана ў верасні 2016 г. у выніку зліцця трох дыкастэрый. Прэфект выказаў надзею на тое, што ў кастрычніку адбудуцца прызначэнні на асноўныя пасады.

Рашэнне Францішка, спалучыць установы, якія займаліся сям’ёй, свецкімі вернікамі і абаронай жыцця у адну дыкастэрыю, прэфект новага ватыканскага органа назваў “цалкам лагічным”, бо пераважная большасць католікаў жывуць у сужэнстве і сям’і.

Кардынал Фарэл паведаміў таксама, што яго дыкастэрыя адказвае за арганізацыю Сусветнай сустрэчы сем’яў у 2018 г. у Дубліне, Сінода Біскупаў на тэму моладзі ў 2018 г. і Сусветных дзён моладзі ў 2019 г. у Панаме. У кантэксце апошніх двух сустрэч моладзь з усяго свету павінна выказацца і прыняць шырокі ўдзел. “Мы ўжо ведаем, што кажуць біскупы і святары. Цяпер мы хочам ведаць, што скажуць маладыя людзі”, - падкрэсліў кардынал-прэфект. Як было абвешчана раней, Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця ў сярэдзіне ці ў канцы мая размесціць у інтэрнэце спецыяльную анкету для моладзі.

Гаворачы на тэму дыскусіі вакол Апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia”, іерарх падкрэсліў, што яна павінна разглядацца як адзінае цэлае, паколькі ўключае ў сябе вялікія ідэі аб сучаснасці, сям’і і чалавечай любові.

“Дакумент прынцыпова не адрозніваецца ад іншых касцёльных дакументаў па гэтым пытанні. Ён адлюстроўвае рэаліі культуры і свету, у якім мы жывем сёння”, - сказаў кардынал Фарэл. “Не дастаткова проста абмежаваць яго чытанне да спрэчных пасажаў пра разведзеных, што жывуць у паўторных саюзах або пра іншыя формы жыцця, і цытаваць, засноўваючыся толькі на ўспрыняцці дакументу праз сродкі масавай інфармацыі ці некаторыя касцёльныя колы”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.