2017-05-10 12:28:00

Папа напісаў ліст да Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы


Францішак напісаў ліст да Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы у чацвёртую гадавіну іх сустрэчы ў Ватыкане. У ім Пантыфік узгадвае сваё нядаўняе прабыванне ў гасцях Тавадраса ІІ у Каіры і карыстаецца нагодай, каб пажадаць іерарху міру і здароўя, а таксама падзякаваць за духоўныя сувязі, якія аб’ядноўваюць Цэрквы.

Сваю асаблівую ўдзячнасць Папа выказаў за нядаўна падпісаную сумесную дэкларацыю, у якой Каталіцкі Касцёл і Копцкая Праваслаўная Царква ўзаемна прызналі сапраўднасць удзялення сакрамэнту хросту. На думку Святога Айца, гэта стала крокам да пошуку бачнага адзінства ў разнастайнасці, пад кіраўніцтвам Святога Духа. На гэтым шляху адчуваецца магутнае заступніцтва і прыклад мучанікаў. Ён павінен весці да эўхарыстычнага адзінства праз рост у любові і прымірэнні.

Францішак запэўніў Патрыярха Александрыйскага ў сваіх малітвах за яго і за мір у Егіпце і на Блізкім Усходзе. “Няхай Дух міру падорыць нам узрост надзеі, сяброўства і гармоніі”, - напісаў ён і назваў 10 мая – днём сяброўства паміж Копцкай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Папа Францішак і Тавадрас ІІ 28 красавіка 2017 г. у Каіры падпісалі сумесную дэкларацыю аб працягу шляху да поўнай эўхарыстычнай еднасці і адзінства паміж Цэрквамі. Бакі абавязаліся ўзаемна прызнаваць сапраўднасць удзялення хросту, паглыбляць экуменічны дыялог, актыўна выступаць у падтрымку міру паміж народамі і рэлігіямі, змагацца за сацыяльную справядлівасць і сведчыць аб веры ў сучасным свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.