2017-05-10 11:56:00

Святы Айцец: Марыя – Маці надзеі


Маці Божая вучыць нас цноце чакання, калі ўсё здаецца пазбаўленым сэнсу, адзначыў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 10 мая 2017 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У катэхезе ён падкрэсліў, што Найсвяцейшая Панна з’яўляецца Маці хрысціянскай надзеі. 

Постаць Марыі, ад яе самага першага з’яўлення ў евангельскай гісторыі, прасякнута драматызмам, заўважыў Святы Айцец. “Ёй нялёгка было адказаць “так” на заклік анёла: але Яна, жанчына ў росквіце маладосці, адказала з адвагай, нават нічога не ведаючы пра лёс, які Яе чакаў. У гэтую хвіліну Марыя прадстаўляе шматлікіх маці нашага свету, адважных аж да крайнасці, калі гаворка ідзе пра прыняцце ва ўласнае ўлонне новага чалавека, які павінен нарадзіцца”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, гэта “так” Марыі стала першым крокам у “доўгім спісе выпадкаў паслухмянасці”, якія будуць суправаджаць яе матчыную вандроўку. “Марыя паказана ў Евангеллі як маўклівая жанчына, якая часта не разумела ўсяго, што адбывалася навокал, але разважала над кожным словам і кожнай падзеяй ў сваім сэрцы”, - падкрэсліў Папа.

“Яна не была жанчынай, якая скараецца перад няўпэўненасцю жыцця, асабліва калі здаецца, што нічога не ідзе ў добрым напрамку. Яна таксама не з’яўляецца жанчынай, якая гвалтоўна пратэстуе, наракае на жыццёвы лёс, які нам часта паказвае сваё варожае аблічча. Яна жанчына, якая слухае: не забывайцеся, што заўсёды існуе вялікая сувязь паміж надзеяй і слуханнем. Марыя – гэта жанчына, якая слухае, якая прымае жыццё такім, якім яно нам даецца, са сваімі шчаслівымі днямі, але і трагедыямі, якіх не жадаем напаткаць. Аж да апошняй ночы Марыі, калі яе Сын быў прыбіты да дрэва крыжа”, - сказаў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на той факт, што Маці Божая да самага канца заставалася ля Хрыста, у той час, як многія іншыя вучні паўцякалі. “Маці не здраджваюць, і ў той момант ля падножжа крыжа ніхто з нас не можа сказаць, чые пакуты былі больш жорсткімі: ці Таго нявіннага чалавека, Які паміраў на крыжы, ці агонія Маці, Якая суправаджала свайго Сына аж да апошніх хвілін яго жыцця. Евангеллі – лаканічныя і вельмі стрыманыя. Яны гавораць пра прысутнасць Маці простым словам: “стаяла” (Ян 19,25). Яны нічога не кажуць пра яе рэакцыю. Няма нават найменшай заўвагі пра яе боль: гэтыя дэталі з’явяцца пазней, ва ўяўленні паэтаў і мастакоў, якія падарылі нам вобразы, што ўвайшлі ў гісторыю мастацтва і літаратуры”, - сказаў Папа. 

Як Маці надзеі, Марыя спадарожнічала Касцёлу з першых дзён яго існавання, калі ён быў “агорнуты святлом уваскрасення”, а таксама “дрыжаннем першых крокаў, якія павінен быў зрабіць у свеце”.

“Таму, мы ўсе яе любім як Маці. Мы не сіроты, мы маем Маці ў Небе – гэта святая Божая Маці. Яна вучыць нас цноце чакання, нават калі ўсё здаецца пазбаўленым сэнсу: Яна заўсёды давярае таямніцы Бога, нават калі Ён здаецца незаўважным за злом свету. У моманты цяжкасцяў Марыя, Маці, якую Езус падарыў усім нам, можа падтрымаць нашыя крокі! Яна заўсёды можа сказаць нам у сэрцы: “Устань, паглядзі наперад! Паглядзі на гарызонт”, бо Яна – Маці надзеі”, - падкрэсліў Папа. 

Пасля катэхезы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў, у тым ліку дэлегацыю маладых святароў Маскоўскага Патрыярхату, якія прыбылі ў Рым па запрашэнні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. “Няхай усемагутны Бог, праз заступніцтва Маці Божай, благаславіць вашу краіну і намаганні Рускай Праваслаўнай Царквы па дыялогу паміж рэлігіямі і дзеля супольнага дабра”, - пажадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.