2017-05-12 15:33:00

Распачаўся Апостальскі візіт Францішка ў Фаціму


Неўзабаве пасля поўдня, у 14.00 па рымскім часе самалёт італьянскай авіякампаніі з Папам на борце вылецеў з аэрапорта Ф’юмічына ў Партугалію. 12-13 мая 2017 г. Францішак узначаліць у Фаціме святкаванне 100-годдзя з дня аб’яўленняў Маці Божай тром маленькім пастухам з партугальскай вёскі. Двух з іх – благаслаўлёных Франсішку і Жасінту Марту – Папа абвесціць 13 мая святымі. Гэта яго дзевятнаццатая замежная паездка.

Перад ад’ездам у аэрапорт, на выхадзе з Дому св. Марты, сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, Пантыфік сустрэўся з шасцю жанчынамі, дзве з якіх – эмігранткі.

Палёт будзе працягвацца каля трох гадзін. Самалёт пераадолее 1794 км. Маршрут вядзе праз усю Італію і Іспанію. Традыцыйна, Папа вышле кіраўніцтву гэтых краін прывітальныя тэлеграмы.

На авіябазе ў Монтэ-Рэаль, размешчанай прыкладна ў 40 км ад Фацімы, Святога Айца чакаюць каля 16.20 па мясцовым часе. Пасля кароткай прывітальнай цырымоніі, адбудзецца яго 20-хвілінная прыватная размова з Прэзідэнтам Партугаліі, 68-гадовым Марселу Рэбелу дзі Соза. Менавіта ён у сакавіку 2016 г. афіцыйна запрасіў Францішка наведаць Партугалію. Святога Айца прывітае таксама прэм’ер-міністр Антоніу Коста і прадстаўнікі епіскапату. Хор кадэтаў Акадэміі ваенна паветраных сіл праспявае марыйны гімн.

Затым Францішак адправіцца для кароткай малітвы перад абразом Маці Божай Неба (Nossa Senhora do Ar), апякункі партугальскіх авіятараў.

З Монтэ-Рэаль Папа адправіцца ў Фаціму на верталёце. На мясцовым стадыёне яго чакаюць у 17.35. Адтуль адкрытым аўтамабілем ён паедзе ў санктуарый Маці Божай Каралевы Ружанца.

Першыя крокі ён скіруе ў Капліцу Аб’яўленняў, куды прыбудзе каля 18.15. Там Пантыфік памоліцца ў цішыні і заставіць ля фігуры Божай Маці свой дар – залатую ружу.

Вячэру Папа правядзе ў размешчаным недалёка ад капліцы Доме Маці Божай з Гары Кармэль, які стане яго рэзідэнцыяй на час знаходжання ў Фаціме.

У 21.30 ён зноў вернецца ў Капліцу Аб’яўленняў, дзе правядзе абрад благаслаўлення свечак, скіруе да вернікаў сваё слова, а затым прыме ўдзел у малітве на Ружанцы.

На гэтым завершыцца першы дзень Францішка ў Фаціме. Св. Імшу каля поўначы ўзначаліць яго бліжэйшы супрацоўнік, кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.








All the contents on this site are copyrighted ©.