2017-05-13 12:01:00

Пантыфік прасіў у Фаціме міру і згоды паміж народамі


Міру і згоды паміж народамі прасіў Францішак 12 мая 2017 г. у сваёй малітве ў Капліцы Аб’яўленняў у Фаціме. Менавіта ў гэтым месцы, якое называецца Cova da Iria (Даліна спакою) ў 1917 г. Дзева Марыя з’яўлялася тром пастушкам: Жасінце і Францішку Марту і Люсіі душ Сантуш.

Спачатку Папа паклаў ля падножжа статуі Маці Божай букет з белых руж, а затым, стоячы, маліўся ў маўчанні. Цішыня панавала і на плошчы, запоўненай людзьмі. Некаторыя з вернікаў прынеслі з сабой статуі Маці Божай Фацімскай. Перад капліцай прысутнічаў Прэзідэнт Партугаліі Марсэлу Рэбэлу дзі Соза, а таксама прэм’ер-міністр Антоніу Коста.

Затым Святы Айцец прачытаў малітву, напісаную на партугальскай мове з нагоды сваёй пілігрымкі ў Фаціму. Ён падзякаваў Богу за тое, што ў кожным месцы і часе Ён дзейнічае ў гісторыі чалавецтва, і папрасіў міру сярод усіх народаў у свеце. Францішак прызнаўся, што прыбыў у Фаціму як прарок і пасланнік, каб абмыць ногі ўсім, хто збіраецца пры адзіным стале. Марыю, Маці Міласэрнасці, ён папрасіў паглядзець не толькі на радасць, але і на боль чалавечай сям’і.

Пантыфік прасіў Марыю натхніць усіх вернікаў ісці за прыкладам пастушкоў з Фацімы і ўсіх тых, хто прысвяціў сябе абвяшчэнню Евангелля, каб такім чынам зруйнаваць муры і пераадолець усе абмежаванні, раскрываючы свету Божую справядлівасць і мір. Ён дадаў, што менавіта такім чынам хрысціяне пакажуць усім, “што Бог існуе, што Бог ёсць, што Бог жыве сярод свайго народа ўчора, сёння і навечна”.

Францішак пакінуў ля падножжа статуі залатую ружу, дакрануўся да яе і зрабіў знак крыжа. Гэта трэцяя залатая ружа, падораная Маці Божай Фацімскай Пантыфікамі. Раней такі дар перадаў Павел VI у 1964 г. і пакінуў асабіста Бэнэдыкт XVI у 2010 г., наведваючы санктуарый.








All the contents on this site are copyrighted ©.