2017-05-13 14:06:00

Папа да хворых: вы з’яўляецеся каштоўным скарбам Касцёла


Вось яна, таямніца Каталіцкага Касцёла: ён просіць у Пана суцяшэння для прыгнечаных, і Пан суцяшае, хоць і нябачна, у глыбіны сэрца, даючы сілы, адзначыў Пантыфік 13 мая 2017 г. у звароце да хворых, якіх прывітаў напрыканцы ўрачыстай літургіі ў Фацімскай базыліцы з нагоды 100-годдзя Марыйных аб'яўленняў.

Святы Айцец падкрэсліў, што Богу добра вядомыя пакуты хворага чалавека, бо Ён ва ўсім нас апярэджвае. Перш чым мы павінны будзем прайсці праз крыж, Пан ужо здзейсніў гэты шлях. Езус, Які праз укрыжаванне і смерць узяў на сябе усе нашыя пакуты, ведае, што значыць боль. Ён разумее нас, суцяшае і дае сілы, як даваў новаабвешчаным святым Франсішку і Жасінце і ўсім святым паўсюдна і ва ўсе часы.

Сёння Дзева Марыя скіроўвае да нас пытанне, з якім сто гадоў таму звярнулася да трох фацімскіх пастушкоў: “Ці жадаеце ахвяраваць сябе Богу?”. Адказ “Так, жадаем” дае магчымасць зразумець і наследаваць іх жыццё, перакананы Францішак. 

Папа пажадаў хворым людзям успрымаць жыццё нібы дар і казаць Марыі пра сваё шчырае жаданне ахвяраваць сябе Богу, не заставацца толькі атрымальнікамі дабрачыннай салідарнасці, але адчуваць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі жыцця і місіі Каталіцкага Касцёла. “Ваша прысутнасць, маўклівая, аднак больш красамоўная за многія словы, ваша малітва, штодзённая ахвяра вашых пакут разам з мукамі Езуса, укрыжаванага для збаўлення свету, цярплівае і нават радаснае прыняцце сваіх умоў з’яўляюцца духоўнай крыніцай, спадчынай кожнай хрысціянскай супольнасці. Не саромейцеся быць каштоўным скарбам Каталіцкага Касцёла”, - сказаў Святы Айцец.

Напрыканцы Францішак запрасіў хворых давяраць Езусу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце свае боль, пакуты і стомленасць і запэўніў, што Касцёл з усіх куткоў узносіць да Неба малітву за іх.

Св. Імша на плошчы перад Фацімскай базылікай, падчас якой Папа абвясціў святымі Франсішку і Жасінта Марту, а таксама заключная малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і зварот да хворых сталі цэнтральнымі і адначасова завяршальнымі падзеямі ў рамках двухдзённага візіту Папы ў Фаціму. Пасля літургіі запланаваны сустрэча і сумесны абед Пантыфіка з членамі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Партугаліі. А ужо ў 15.45 распачнецца цырымонія развітання са Святым Айцом на авіябазе ў Монтэ-Рэале. Каля 19.00 самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ў рымскім аэрапорце Чампіна.








All the contents on this site are copyrighted ©.