2017-05-13 13:55:00

Папа: у Ружанцы Евангелле аднаўляе свой шлях у нашым жыцці


Трэба адкінуць усе формы трывогі і страху і верыць у рэвалюцыйную сілу пяшчоты і любові, заклікаў Францішак 12 мая 2017 г. позна вечарам падчас ружанцовай малітвы ў Капліцы Аб’яўленняў у Фаціме. Ён перасцярог ад успрыняцця Маці Божай як “недасяжнага” прыкладу, як “святой з іконкі”, да якой звяртаюцца, каб танным коштам атрымаць ласкі, як Марыі, створанай суб’ектыўнымі эмоцыямі, успрымаючымі Яе ў якасці той, якая “стрымлівае караючую руку Бога”.

Францішак даручыў Езусу ўсіх, “асабліва найбольш патрабуючых”. “Няхай на кожнага з пазбаўленых спадчыны і няшчасных, у якіх скралі іх сёння, на кожнага з занядбаных і адкінутых, якіх пазбаўляюць будучыні, на кожнага з сірот і ахвяраў несправядлівасці, якім не дазваляюць мець мінулага, прыйдзе благаслаўленне Бога, уцелаўлёнага ў Езусе Хрысце”, - маліўся Папа.

Ён адзначыў, што кожны раз, калі мы молімся на Ружанцы, у Фаціме ці ў любым іншым месцы, Евангелле аднаўляе свой шлях у жыцці кожнага чалавека, сям’і, народу і свету. 

“Мы дапускаем вялікую несправядлівасць у адносінах да Бога і Яго ласкі, перш за ўсё, калі кажам, што грахі караюцца праз Яго асуджэнне, не прызнаючы, – як кажа Евангелле – што яны дараваныя праз Яго ласку”, - сказаў Папа, і дадаў: “Мы павінны ставіць міласэрнасць над судом, паколькі суд Божы заўсёды будзе адбывацца ў святле Яго міласэрнасці”.

Францішак падкрэсліў, што Божая міласэрнасць не адмаўляе справядлівасці, таму што Езус узяў на сябе наступствы нашага граху разам з належным пакараннем. Ён заклікаў адкласці ў бок ўсе формы трывогі і страху, і, гледзячы на Марыю, верыць у рэвалюцыйную моц пяшчоты і любові. “Няхай кожны з нас становіцца з Марыяй знакам і сакрамэнтам міласэрнасці Бога, Які заўсёды даруе, даруе ўсё”, - заклікаў Францішак.

Ён прасіў Бога абараніць кожнага ад пыхі сэрца, пагоні за амбіцыямі і асабістай выгадай. “Адзіны шлях да ўзвышэння, гэта калі Твая Маці абдыме мяне, накрые сваім плашчом і паставіць побач з Тваім сэрцам. Няхай гэтак станецца!” - завяршыў сваё разважанне Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.