2017-05-14 14:54:00

Папа: малітва на Ружанцы можа спыніць войны і прынесці мір


Малітва на Ружанцы можа спыніць войны і прынесці свету мір, перакананы папа Францішак. Ён сустрэўся 14 мая 2017 г. у Ватыкане з вернікамі на велікоднай марыйнай малітве “Regina Caeli”. У разважаннях Папа спаслаўся на сваё, завершанае напярэдадні, падарожжа ў Фаціму і нагадаў асноўны змест паслання, з якім у 1917 г. Марыя звярнулася да трох партугальскіх дзяцей. 

“Учора ўвечары я вярнуўся з пілігрымкі ў Фаціму. Давайце прывітаем Маці Божую Фацімскую... Наша марыйная малітва сёння мае асаблівае значэнне. - нагадаў Папа - Для тых, хто бачыць гісторыю вачыма веры, яна напоўнена памяццю і прароцтвам. У Фаціме я пагрузіўся ў малітву святога вернага народу, малітву, якая плыве там на працягу ста гадоў, як рака, з просьбай аб матчынай апецы Марыі над усім светам. Дзякую Богу, Які дазволіў мне адправіцца да падножжа Дзевы Маці як пілігрыму надзеі і спакою. Я дзякую біскупам, біскупу Лейрыі-Фацімы, дзяржаўным органам і ўсіх тым, хто прапанаваў ім сваё супрацоўніцтва.

З самага пачатку, калі ў Капліцы Аб’яўленняў я трываў у доўгай цішыні, пры падтрымцы малітоўнага маўчання ўсіх пілігрымаў, нарадзілася атмасфера ўнутранай канцэнтрацыі і сузірання, у якой і праходзілі розныя малітоўныя падзеі. І ў цэнтры ўсяго гэтага быў і ёсць уваскрослы Пан, Які прысутнічае сярод свайго народа ў Слове і ў Эўхарыстыі. Ён прысутнічае сярод шматлікіх хворых, якія прымаюць актыўны ўдзел у літургічным і душпастырскім жыцці Фацімы, як гэта адбываецца і ў кожным марыйным санктуарыі.

У Фаціме Дзева абрала нявінныя сэрцы і прастату маленькіх: Франсішку, Жасінты і Люсіі ў якасці давераных асоб свайго паслання. Гэтыя дзеці прынялі яго з годнасцю, таму і былі прызнаныя сведкамі аб’яўленняў, якія заслугоўваюць даверу, і сталі ўзорам хрысціянскага жыцця. 

Кананізацыяй Франсішку і Жасінты я хацеў прапанаваць ўсяму Касцёлу іх узор вернасці Хрысту і евангельскаму сведчанню. Таксама я хацеў прапанаваць ўсяму Касцёлу клопат пра дзяцей. Іх святасць не вынікае з аб’яўленняў, але з’яўляецца следствам вернасці і стараннасці, з якімі яны адказалі на атрыманы прывілей бачыць Дзеву Марыю. Пасля сустрэчы з “Прыгожай Паннай”, як яны Яе назвалі, часта маліліся на Ружанцы, здзяйснялі акты пакаяння і ахвяравалі сабой, каб сваімі ахвярамі вымаліць канец вайны і прысвяціць іх за душы, які найбольш патрабуюць Божай міласэрнасці.

І ў нашы дні існуе вялікая патрэба ў малітве і пакаянні, каб выпрасіць ласку навяртання і спынення столькіх войнаў, усё больш шматлікіх у свеце, а таксама бессэнсоўных канфліктаў і актаў насілля, вялікіх і малых, якія нявечаць аблічча чалавецтва.

Дазволім жа весці сябе святлу, якое выходзіць з Фацімы. Няхай Беззаганнае Сэрца Марыі заўсёды будзе нашым прытулкам, нашым суцяшэннем і шляхам, які вядзе да Хрыста”, - завяршыў свае разважанні Папа.

Пасля марыйнай малітвы, Францішак прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне. Ён папрасіў вернікаў не забывацца маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.