2017-05-14 13:55:00

Францішак правёў шчырую размову з журналістамі


Пытанні сапраўднасці прыватных аб’яўленняў, барацьбы з педафіліяй, а таксама адносінаў з Брацтвам св. Пія X і пратэстантамі абмеркаваў Святы Айцец 13 мая 2017 г. падчас размовы з журналістамі на борце самалёта на зваротным шляху з Фацімы ў Рым.

Адно з пытання датычылася запланаванай на 24 мая аўдыенцыі для Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і яго падыходу да міграцыйнай палітыкі. “Мір патрабуе намаганняў; яго трэба здабываць кожны дзень. Таксама і з сяброўствам, узаемным пазнаннем, павагай. Мы павінны паважаць іншы бок, у той жа час гаворачы тое, што думаем”, - пракаментаваў Папа.

Журналісты спыталі пра перспектывы і значэнне дамовы з Брацтвам св. Пія X, так званымі лефэбрыстамі. Францішак прызнаўся, што не дамагаецца нейкага трыумфальнага вяртання традыцыяналістаў ва ўлонне Касцёла. Ён паведаміў, што пакуль не азнаёміўся з самымі новымі дакументамі па гэтай тэме. “Цяперашнія адносіны братэрскія, у мінулым годзе я ўдзяліў усім іх святарам дыспенсу, каб яны мелі магчымасць спавядаць, і некаторыя формы юрысдыкцыі адносна сужэнства”, - нагадаў Папа. Ён прызнаўся, што мае добрыя стасункі з біскупам Фэле, настаяцелем Брацтва, сустракаўся з ім неаднойчы. “Для мяне гэта пытанне не пераможцаў і пераможаных, але братоў, якія робяць крокі наперад”, - сказаў ён.

Што тычыцца экуменічнага дыялогу з пратэстантамі, Францішак нагадаў пра нядаўнія важныя сустрэчы і візіты, а таксама падпісаную у 2016 г. у Швецыі сумесную каталіцка-лютэранскую дэкларацыю. Ён адзначыў, што на гэтым шляху не можна спыняцца, трэба разам маліцца, сведчыць, прадпрымаць справы міласэрнасці, вызнаваць, што Езус ёсць адзіны Збаўца, працягваць тэалагічны дыялог.

Журналісты цікавіліся і справай аб’яўленняў у Меджугор’і. Пантыфік падкрэсліў, у сувязі з гэтым, што ўсе прыватныя аб’яўленні не адносяцца да звычайнага публічнага настаўніцтва Касцёла. Ён нагадаў, што яшчэ Бэнэдыкт XVI стварыў спецыяльную камісію. Францішак прызнаўся, што яна рэкамендавала адрозніць першыя аб’яўленні, калі візіянеры былі дзецьмі, і паказала на неабходнасць правядзення далейшых даследаванняў. Камісія выказала сумневы адносна цяперашніх меркаваных аб’яўленняў. Святы Айцец дадаў, што Меджугор’е сёння з’яўляецца феноменам духоўным і душпастырскім. І гэтага факту не можна ігнараваць.

Было зададзена пытанне адносна працы Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Святы Айцец лічыць, што па гэтай тэме неабходна выкарыстоўваць большую колькасць спецыялістаў на месцах, у дыяцэзіях. Акрамя таго, існуе ідэя стварэння “кантынентальных трыбуналаў” або “уступных трыбуналаў”. Нядаўна, у мэтах паскарэння ходу судовых спраў па такога роду пытаннях быў створаны адмысловы апеляцыйны трыбунал, які ўзначальвае арцыбіскуп Чарльз Шыклуна. Пантыфік прызнаўся, што яшчэ ніколі не памілаваў нікога, хто быў асуджаны за такія злачынствы.








All the contents on this site are copyrighted ©.