2017-05-16 11:12:00

Пантыфік здзейсніць афіцыйны візіт да Прэзідэнта Італіі


У суботу, 10 чэрвеня 2017 г., Святы Айцец Францішак здзейніць афіцыйны візіт да Прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі Серджа Матарэлы, паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк.

Як адзначыў афіцыйны ватыканскі прадстаўнік, гэта будзе візіт у адказ, паколькі 18 красавіка 2015 г. Матарэла афіцыйна наведаў Ватыкан, а ў лісце ад 19 сакавіка 2017 г., з нагоды чацвёртай гадавіны абрання Францішка на Пасад св. Пятра, запрасіў яго на Квірынал.

Францішак наведае Прэзідэнцкі палац у другі раз. Упершыню ён пераступіў парог рэзідэнцыі італьянскіх лідэраў 14 лістапада 2013 г., калі сустракаўся з Джорджа Напалітана. 

Той візіт таксама адбыўся ў адказ на наведзіны папярэднікам Серджа Матарэлы Ватыкану. Сюды Напалетана прыбыў 8 чэрвеня 2013 г., амаль адразу пасля абрання Францішка. Тады Папа падкрэсліў, што візіт кіраўніка дзяржавы пацвярджае выдатныя адносіны паміж Італіяй і Святым Пасадам і нагадвае вобраз двух пагоркаў – Квірынала, на якім размяшчаецца Прэзідэнцкі палац, і Ватыкана, дзе стаіць Апостальскі палац, “якія глядзяць адзін на аднаго з павагай і сімпатыяй”.








All the contents on this site are copyrighted ©.