2017-05-17 12:34:00

Святы Пасад у ААН пра злачынствы супраць жанчын на вайне


Барацьба супраць сексуальных злачынстваў, учыненых у кантэксце ўзброеных канфліктаў з’яўляецца не праявай паліткарэктнасці, але галоўным элементам барацьбы за мір і бяспеку, заўважыў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса ўзяў удзел у адкрытым пасяджэнні Савета Бяспекі.

Паняцце “сексуальнае насілле, звязанае з канфліктам” ахоплівае шырокі спектр з’яў, уключаючы: згвалтаванне, сексуальнае рабства, прымус да прастытуцыі, прымусовую цяжарнасць, прымусовы аборт, прымусовую стэрылізацыю, прымусовы шлюб, а таксама гандаль людзьмі, нагадаў ватыканскі дыпламат прадстаўнікам краін-удзельніц Савета Бяcпекі.

Ён адзначыў, што для тэрарыстаў сексуальныя злачынствы сталі неад’емнай часткай ваеннай стратэгіі. Такім чынам, яны правакуюць страх і ламаюць волю да супраціву. Іерарх назваў гэта “асабліва брыдкім злачынствам”, паколькі яно звязана з выкарыстаннем жанчын у якасці ваенных трафеяў для баевікоў або ў якасці жывых шчытоў і тэрарыстаў-смяротнікаў.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуўся да міжнароднай супольнасці праз Савет Бяспекі, надаць прыярытэт барацьбе з гэтай асабліва жахлівай з’явай, звязанай з гвалтам у дачыненні да жанчын і дзяцей. Ён прывёў словы папы Францішка, які назваў гэта самым сур’ёзным злачынствам супраць годнасці жанчын, паколькі тут нішчыцца не толькі цела, але і дух, у выніку чаго такія траўмы выключна цяжка лечацца.

Перад дзяржавамі і міжнароднай супольнасцю стаіць вельмі сур’ёзная задача, абараніць тых, хто падвяргаецца ўздзеянню ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці, генацыду і этнічных чыстак, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса. Сексуальны гвалт як інструмент тэрарызму, несумненна, падпадае пад гэта. Пераважная беспакаранасць тых, хто здзейсніў гэтыя злачынствы, наглядна ілюструе актуальнасць выканання гэтага абавязку.

Такога роду жахлівыя з’явы прымушаюць з большай настойлівасцю працаваць для спынення войнаў і ваенных канфліктаў і пачаць намаганні па постканфліктным мірабудаўніцтве і прымірэнні. Няма неабходнасці нагадваць, што роля жанчын у такой дзейнасці мае важнае значэнне, каб забяспечыць свет ад далейшых бедстваў вайны і насілля, сказаў ватыканскі дыпламат.

Ён нагадаў словы папы Францішка, які лічыць, што сёння “культура знішчэння” распаўсюдзілася па ўсім свеце, пануе “новая разня” на людзях, якія пакутуюць і паміраюць ад вайны і міграцыі, эксплуатуюцца ў асабістых інтарэсах.








All the contents on this site are copyrighted ©.