cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Пантыфік: хвароба – гэта нагода для сустрэчы і салідарнасці

Пантыфік: хвароба – гэта нагода для сустрэчы і салідарнасці - AP

18/05/2017 13:56

Хвароба можа стаць нагодай для сустрэчы, дзялення і салідарнасці, падкрэсліў Францішак прымаючы на аўдыенцыі асоб, якія пакутуюць ад хваробы Хантыгтана. Сустрэча прайшла 18 мая 2017 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. У ёй прынялі ўдзел таксама блізкія хворых, медыцынскія супрацоўнікі, прадстаўнікі дабрачынных арганізацый і навукоўцы.

У прамове Пантыфік нагадаў, што падчас свайго служэння Хрыстус сустракаў мноства хворых людзей, “браў на сябе цяжар іх пакутаў, разбураў муры клеймавання і адчужэння, якія перашкаджалі многім з іх адчуваць сябе паважанымі і любімымі”. 

“Для Езуса хвароба ніколі не была перашкодай для сустрэчы з чалавекам, наадварот. Ён навучыў нас, што чалавечая асоба заўсёды каштоўная, заўсёды надзелена годнасцю, якую ніхто і нішто не могуць перакрэсліць, у тым ліку хвароба. Кволасць – гэта не зло. І хвароба, выразам якой з’яўляецца кволасць, не можа і не павінна прывесці да забыцця таго, што ў вачах Божых наша вартасць заўсёды застанецца бясцэннай”, - сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў сем’ям асоб з сіндромам Хантынгтана не паддавацца спакусе сораму ці віны і не адчуваць сябе адзінокімі. “Сям’я – гэта прывелеяванае месца жыцця і годнасці, і вы можаце супрацоўнічаць у будаванні сеткі салідарнасці і дапамогі, якія толькі сям’я можа забяспечыць і якімі, у першую чаргу, сям’я паклікана жыць”, - падкрэсліў ён.

Францішак падзякаваў за працу медыцынскім работнікам, валанцёрам дабрачынных арганізацый, якія аказваюць дапамогу хворым. “Вы з’яўляецеся рукамі, якія Бог выкарыстоўвае, каб сеяць надзею. Вы – голас, які гэтыя людзі маюць, каб бараніць свае правы”, - сказаў Папа.

Звяртаючыся на генэтыкаў і навукоўцаў, якія займаюцца вывучэннем магчымасцяў лячэння хваробы, Пантыфік пажадаў ім не прыбягаць да метадаў, якія ўмацоўваюць пазіцыі “культуры адчужэння”. Ён нагадаў аб з’яве выкарыстання чалавечых эмбрыёнаў у некаторых галінах навукі, што непазбежна прыводзіць да іх знішчэння. Папа падкрэсліў, што ніякая мэта, нават высакародная сама па сабе, якая нясе карысць навуцы, іншым людзям ці грамадству, не можа апраўдаць знішчэння чалавечых эмбрыёнаў.

Хвароба Хантынгтана або харэя Хантынгтана – гэта спадчыннае, прыроджанае захворванне, якое з часам праводзіць да асобаснай і інтэлектуальнай дэградацыі, спалучанай з парушэннямі руху, паводзін і свядомасці. На сённяшні дзень тэрапія заключаецца толькі ў зняцці сімптаматыкі, поўнае лячэнне ад паталогіі немагчыма.


18/05/2017 13:56