cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Святым Пасадзе

Папа прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Святым Пасадзе - OSS_ROM

18/05/2017 11:25

Эканоміка, якая служыць вузкаму колу людзей, ужыванне сілы для вырашэння канфліктаў, апраўданне насілля імем Бога і выкарыстанне рэлігійнай прыналежнасці ў якасці прычыны для нянавісці да іншых, былі галоўнымі тэмамі звароту Францішка да новых паслоў пры Святым Пасадзе. 18 мая 2017 г. ў Ватыкане ён прыняў даверчыя граматы ў дыпламатычных прадстаўнікоў Казахстана, Маўрытаніі, Непала, Нігера, Судана і Трынідад і Табага.

Сучасны міжнародны сцэнарый патрабуе пошуку магчымасцяў, неабходных, каб стаць на шлях міру і зняць напружанасць у свеце, заўважыў Папа. Сярод фактараў, якія абвастраюць праблемы, ён назваў сённяшнія эканоміку і фінансы, якія, замест служэння канкрэтнаму чалавеку, арганізуюцца для абслугоўвання саміх сябе і пазбягання кантролю з боку дзяржаўных органаў. У выніку, апошнія, пакліканыя адказваць за супольнае дабро, не маюць належных рычагоў, каб спыніць перабольшаныя апетыты малой групы.

Ужыванне сілы ўсё часцей разглядаецца ў якасці адзінага магчымага спосабу вырашэння канфліктаў, без глыбокай ацэнкі яго наступстваў. Яшчэ адным фактарам, які паглыбляе праблемы, Папа назваў фундаменталізм, злоўжыванне рэлігіяй для апраўдання прагі ўлады, выкарыстанне святога імя Бога для прасоўвання ўласнага плану панавання.

На гэтыя пагрозы трэба адказваць, будуючы эканамічна-фінансавую сістэму, адказную за лёс чалавека і грамадства, лічыць Пантыфік. “Чалавек, а не грошы павінны зноў стаць мэтай эканомікі!”, - дадаў ён. Акрамя таго, трэба адказаць на спрэчкі дыялогам і дыпламатыяй, ініцыятывамі сустрэчы і міру, а не дэманстрацыяй сілы і яе неабдуманым і неабачлівым ужываннем. 

Святы Айцец лічыць, што трэба ізаляваць усіх, хто спрабуе прадставіць рэлігійную прыналежнасць і тоеснасць у якасці прычыны для нянавісці да ўсіх іншых. “Тым, хто нявечыць такім чынам вобраз Божы, трэба супрацьпаставіць адзінадушныя намаганні, каб паказаць, што Яго імя ўшаноўваецца ратуючы жыцці, а не забіваючы іх, несучы прымірэнне і спакой, а не падзелы і войны, міласэрнасць і спагаду, а не абыякавасць і жорсткасць”, - сказаў Папа да замежных дыпламатаў.

На заканчэнне сваёй прамовы, Францішак пераказаў прывітанне пастырам і вернікам каталіцкіх супольнасцяў краін, урады якіх прадстаўляюць прысутныя на цырымоніі ўручэння даверчых грамат у Ватыкане. Пантыфік заклікаў мясцовых католікаў працягваць сведчыць аб веры і рабіць шчодры ўнёсак у супольнае дабро грамадства. 


18/05/2017 11:25