cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Папа: сапраўднае вучэнне аб’ядноўвае, а ідэалогія – дзеліць

Папа: сапраўднае вучэнне аб’ядноўвае, а ідэалогія – дзеліць

19/05/2017 14:07

Сапраўднае вучэнне аб’ядноўвае, а ідэалогія – дзеліць, заўважыў Францішак 19 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Дзеяў Апосталаў (Дз 15, 22-31), у якім гаворка ідзе пра рашэнні Ерузалемскага Сабору. Ён адбыўся ў 49 г. і пастанавіў, што хрысціяне, якія раней былі язычнікамі, не павінны былі праходзіць праз абрад абразання.

Папа заўважыў, што ў першай хрысціянскай супольнасці таксама былі зайздрасць, барацьба за ўладу, былі хітрыя людзі, якія жадалі панаваць над іншымі. Паколькі ўсе з’яўляюцца грэшнікамі, таму, нават у Касцёле існуюць падобныя праблемы, падкрэсліў ён і дадаў, што стан грахоўнасці павінен весці да пакоры і збліжэння з Богам, Які збаўляе ад ўсіх грахоў.

Францішак нагадаў, што апосталы і старэйшыя выбралі некаторых з вучняў, каб разам з Паўлам і Барнабаю адправіліся ў Антыёхію і неслі хрысціянскае пасланне язычнікам. Вернікі сабраліся, каб абмеркаваць гэта пытанне і тут Евангелле апавядае пра дзве групы асоб: тых, якія спрачаліся, але з “добрым духам”, і тых, якія сеялі падзелы і замяшальніцтва ў Касцёле.

Першыя дыскутавалі паміж сабой, але дасягнулі згоды, якая не была падобнай на палітычную дамоўленасць, а з’яўлялася натхненнем Святога Духа. Менавіта Дух прывёў іх да рашэння больш не ўскладаць на хрысціян з язычнікаў ніякага цяжару, акрамя ўстрымання ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты, нагадаў Францішак.

Пантыфік звярнуў увагу на “свабоду Духа”, які прыводзіць да згоды розныя бакі. Паводле яго слоў, так адбылося і падчас гэтага першага Сабору ў гісторыі, які сабраўся для праяснення вучэння. Затым былі і іншыя Саборы, бо праясненне вучэння з'яўляецца абавязкам Касцёла. Яны збіраліся, каб “добра зразумець тое, што Езус сказаў у Евангеллі, што з’яўляецца духам Евангелля”, лічыць Папа.

Францішак заўважыў, што заўсёды былі людзі, якія ўносілі ў Касцёл замяшальніцтва і падзелы. Гэта “фанатыкі рэчаў, якія незразумелыя” і ідэалагізаваныя асобы, якія закрываюць сэрцы на дзейнасць Святога Духа. Апосталы, аднак, моцна дыскутавалі паміж сабой, але мелі адкрытыя сэрцы, на тое, што казаў Святы Дух. Таму ў Евангеллі напісана: “Дух Святы і мы пастанавілі” (Дз 15,28), нагадаў ён.

“Касцёл мае сваё ўласнае вучэнне, вучэнне Папы, біскупаў, Сабораў і мы павінны ісці шляхам, які вынікае з прапаведвання і навучання Езуса і Святога Духа. Гэты шлях заўсёды свабодны, адкрыты, бо вучэнне аб’ядноўвае, бо Саборы аб’ядноўваюць хрысціянскую супольнасць, у той час як ідэалогія – дзеліць”, - закончыў сваю гамілію Францішак.


19/05/2017 14:07