2017-05-19 15:45:00

У Ватыкане ўручылі “сацыяльную” прэмію


18 мая 2017 г. у Ватыкане адбылася цырымонія ўручэння міжнароднай прэміі ватыканскага фонда “Centesimus Annus – Pro Pontifice”, за дасягненні ў развіцці сацыяльнага вучэння Касцёла. Лаўрэаты атрымалі свае ўзнагароды з рук бліжэйшага супрацоўніка папы Францішка, кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

Прэмія “Эканоміка і грамадства” сёлета была прысуджана нямецкаму даследчыку Маркусу Вогту за кнігу “Прынцып устойлівасці. Праект з тэалагічнай і этычнай перспектывы”, у якой дэманструецца наколькі прынцып устойлівасці з’яўляецца блізкім традыцыйнай эканоміцы, а таксама паказваецца ўзаемазалежнаць паміж эканомікай, экалогіяй і сацыяльным вымярэннем. 

Спецыяльнымі прэміямі фонда былі таксама адзначаны два журналісты: Буркхард Шаферс з Германіі, за цыкл радыёперадач аб нямецкім езуіце кс. Освальдзе фон Нэль-Бройнінге, эксперце ў сацыяльным вучэнні Касцёла, які адыграў ключавую ролю ў рэдагаванні энцыклікі Пія XI “Quadragesimo anno”, і законнік з кангрэгацыі Аўгустыніянаў Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі а. Дамінік Грэне з Францыі, за блог аб сацыяльным вучэнні Касцёла на сайце газеты “La Croix”.

Фонд “Centesimus Annus – Pro Pontifice” быў заснаваны св. Янам Паўлам ІІ у 1993 г. з мэтай садзейнічання пашырэнню ведаў аб сацыяльным вучэнні Касцёла і яго рэалізацыі ў палітычнай і эканамічнай сферах. 18-20 мая 2017 г. у Рыме праходзіць міжнародная канферэнцыя гэтай арганізацыі. 19 мая яе ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.