2017-05-20 11:43:00

Пантыфік, як звычайны пробашч, наведаў італьянскія сем’і


Святы Айцец здзейсніў нечаканы візіт у Осцію – горад з 100-тысячным насельніцтвам, які знаходзіцца ў ваколіцах Рыма, на самым узбярэжжы Тырэнскага мора. Вечарам 19 мая 2017 г. ён накіраваўся сюды з душпастырскім візітам, каб благаславіць кватэры мясцовых вернікаў, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Па традыцыі, благаслаўленне кватэр у Італіі адбываецца ў велікодны перыяд. За два дні да візіту Францішка мясцовы пробашч папярэдзіў жыхароў дому з сацыяльнымі кватэрамі, што да іх прыбудзе святар. Ім аказаўся сам Папа. Ён благаславіў каля дзесяці кватэр, падарыў іх жыхарам ружанцы і, жартуючы, заўважыў, што прыбыў пасля сіесты, каб не шумець падчас важнага для кожнага італьянца “ціхага часу”, да чаго заклікае аб’ява, размешчаная пры ўваходзе ў пад’езд. 

Візіт Францішка стаў працягам ініцыятывы мінулага Юбілейнага Года пад назвай “Пятніцы міласэрнасці”, у рамках якой, у адну з пятніц месяца ён сустракаўся з беднымі, патрабуючымі, сацыяльна неабароненымі і хворымі асобамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.