2017-05-20 14:11:00

Святы Пасад у ААН пра мэты ўстойлівага развіцця


Канферэнцыя на тэму ўсебаковага развіцця чалавека ў перспектыве Павесткі дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. адбылася 18 мая 2017 г. у Жэневе па ініцыятыве Пастаяннага назіральніка Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях, арцыбіскупа Івана Юркавіча і Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці.

Удзел у форуме прымаў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Пітэр Тарксан. У сваім звароце ён пераказаў занепакоенасць Каталіцкага Касцёла ў сувязі з распаўсюджаннем у свеце эканомікі адчужэння і няроўнасці, якая “палягае на веры ў натуральную эгаістычнасць людзей і здольнасць свабоднага рынку, неабмежаванага маральнымі правіламі, да самайстойнага функцыянавання”. Таму, па словах іерарха, перспектыва інклюзіўнасці і развіцця, якую ўвасабляе праграма ААН да 2030, з’яўляецца сапраўдным знакам надзеі.

Сярод мэтаў, якія складаюць Павестку дня да 2030 г., міжнародная супольнасць указвае на “салідарнасць, якая пераўзыходзіць эгаізм: салідарнасць з сённяшнімі адчужанымі асобамі, з беднымі, якія будуць заўтра, з будучымі пакаленнямі”, падкрэсліў кардынал Тарксан. Згодна з пазіцыяй Святога Пасаду, дадаў ён, годнае жыццё павінна мець на ўвазе таксама “свабоду веравызнання і доступ да адукацыі, жылля, працы, зямлі, ежы і пітной вады, а таксама медыцынскіх паслуг”. У той жа час, іерах заклікаў аддаць перавагу сям’і, якая ажыццяўляе ўстойлівае развіццё і развівае еднасць і салідарнасць паміж народамі і міжнароднымі існтытутамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.