2017-05-22 14:33:00

Творы з Ватыканскіх музеяў будуць выстаўлены ў Беларусі


Беларусь і Апостальская Сталіца будуць працягваць супрацоўнічаць у сферы культуры. 22 мая 2017 г. беларуская дэлегацыя ўручыла ўзнагароды і ганаровыя граматы кіраўніцтву і супрацоўнікам Ватыканскіх музеяў, у якасці падзякі за арганізацыю і правядзенне мінулагодняй выставы “Іканапіс Беларусі XVII-XХІ cтагоддзяў”. 

Выстава адкрыла шлях для далейшых праектаў супрацоўніцтва паміж Ватыканам і Беларуссю ў галіне культуры, падзяліўся генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. “Мы дамовіліся, што ў наступным годзе нашы італьянскія калегі прымуць удзел у выставе сучасных іканапісцаў, на якой будуць прадстаўлены больш дзесяці еўрапейскіх краін. Таксама мы правялі перамовы наконт таго, каб у 2019 г., калі не раней, правесці выставу абразоў з калекцыі Ватыканскіх музеяў у нашым музеі, у рамках святкавання яго 80-годдзя. Мы дамовіліся і канстатавалі тое, што нашы рэстаўратары будуць штогадова праходзіць практыку ў майстэрнях Ватыканскіх музеяў, і самае галоўнае: мы дамовіліся аб нашых далейшых кантактах, у тым ліку з спадарыняй Барбарай Ятай, наконт таго, што яна будзе спрыяць беларускім навукоўцам у пошуку магчымых дакументаў, звязаных з імем Францішка Скарыны, якія могуць захоўвацца ў Ватыканскіх музеях”, - сказаў беларускі мастацтвазнаўца.

Дырэктар Ватыканскі музеяў Барбара Ята распавяла, што знаёмая з славянскімі іконамі з самага дзяцінства. Яе маці мае рускія карані. Яна займаецца іканапісам і таму была запрошана выставіць свае творы ў Мінску. На думку спадарыні Яты, супрацоўніцтва ў сферы мастацтва чарговы раз дэманструе, наколькі блізкай з’яўляецца культура еўрапейскіх краін. “Мы ўжо намецілі некаторыя праекты, у сілу той увагі, якую Ватыканскія музеі маюць у дачыненні да беларускага народа, і, перш за ўсё, да мастацтва, якое з’яўляецца дыялогам паміж культурамі, у тым ліку рознымі і адначасова настолькі блізкімі, што гэта становіцца нечаканасцю”, - сказала яна.

Развіццё супрацоўніцтва ў сферы культуры мае велізарнае значэнне для іміджу Беларусі ў свеце, перакананы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік. “Безумоўна, гэта выстава мела велізарнае значэнне з пункту гледжання прэзентацыі культурнай спадчыны нашай дзяржавы ў Ватыканскіх музеях. Яна была важнай таксама з пункту гледжання ўмацавання нашых двухбаковых адносін у сферы культуры. Сёння мы плануем працягнуць наш дыялог з кіраўніцтвам Ватыканскіх музеяў, абмеркаваць магчымыя новыя напрамкі нашага супрацоўніцтва”, - прызнаўся ён.

На беларускай выставе ў Ватыкане былі прадстаўлены абразы розных хрысціянскіх канфесій. Гэта цудоўным чынам дазволіла прадэманстраваць душу беларускага народа, заўважыў настаяцель Усіхсвяцкай царквы ў Мінску, протаіерэй Фёдар Поўны, які таксама прысутнічаў на ўрачыстым мерапрыемстве ў Ватыканскіх музеях. 

“Сёння мы можам адчуць і асэнсаваць увесь “смак” гэтай падзеі, таму што гэта сапраўды была падзея. Не магу сказаць, што яна была падзеяй сусветнага маштабу, але ў маштабах нашай Рэспублікі, нашай дзяржавы, і ў маштабах Ватыканскіх музеяў, такое адбылося ўпершыню. Тое, што мы здолелі паказаць свету нашу душу, душу беларускага народа – гэта факт”, - падкрэсліў праваслаўны святар.
 
Падчас цырымоні ў Ватыкане павінна было адбыцца ўручэнне ордэна Францішка Скарыны былому дырэктару Ватыканскіх музеяў Антоніа Паолучы. Аднак, ён не змог прыняць удзел у падзеі па стане здароўя, таму ўзнагарода яму будзе ўручана пазней.








All the contents on this site are copyrighted ©.