2017-05-23 13:49:00

Папа да італьянскіх біскупаў: вярнуцца да вытокаў ласкі


Святы Айцец прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця 70-й Генеральнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Яна прайшла 22 мая 2017 г. у ватыканскай Зале Сінодаў. Падчас форума іерархі павінны будуць выбраць і прадставіць Францішку трох кандыдатаў на пасаду новага старшыні епіскапату, з якіх ён зацвердзіць аднаго. На працягу апошніх дзесяці гадоў яе займаў арцыбіскуп Генуі, кардынал Анджэла Баньяска.

Пантыфік прывітаў удзельнікаў пасяджэння, пасля чаго іх размова прайшла за зачыненымі дзвярыма. Папа заўважыў, што дыялог з’яўляецца фундаментальна важным, бо ў адваротным выпадку ўзнікаюць плёткі. Ён заклікаў біскупаў прамаўляць свабодна і выказваць любыя меркаванні, нават тыя, якія яму могуць не спадабацца. 

Біскупам і журналістам быў раздадзены тэкст “медытацыі”, якую Францішак падрыхтаваў загадзя. У ёй Папа нагадаў, што калі чалавека не напоўніць Святы Дух, ён застанецца “нявольнікам сваіх страхаў”, “няздольным зразумець, што мы былі збаўлены толькі з любові”. Францішак заклікаў іерархаў не баяцца момантаў супрацьстаяння, “давяраць Духу, які адкрывае на разнастайнасць і прымірае адметнасці ў братэрскай любові”. 

Калегіяльнасць і праўдзівасць дазволяць аднавіць душпастырскую дзейнасць і прыстасаваць яе да місіі Касцёла ў сучасным свеце. Толькі так можна адказаць на цяжкасці гэтага часу. Па словах Святога Айца, закрытасць, супраціў, нявернасць унутры Касцёла, гэта “больш сур’ёзная пагроза для сведчання аб скарбе веры, чым тое, што паходзіць ад свету, з усімі яго пераследамі”.

“Папросім аб ласцы здольнасці слухаць тое, што Дух кажа сёння Касцёлу”, - сказаў Папа, прызнаючы, што, “магчыма, часам мы і пакідаем любоў, свежасць і энтузіям, які быў у мінулым”. “Вернемся да вытокаў, да першапачатковай ласкі вытокаў. Дазволім Езусу Хрысту глядзець на нас”, - заклікаў Пантыфік удзельнікаў асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.