2017-05-25 13:28:00

Дзяржсакратар пра зніжэнне рызыкі бедстваў


Барацьба з пагрозамі стыхійных бедстваў прадугледжвае ўмацаванне прафілактычных і адукацыйных мерапрыемстваў, увагі да найбольш уразлівых людзей і ўсведамлення іх здольнасці да мабілізацыі ў катастрафічных сітуацыях, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Бліжэйшы супрацоўнік Папы скіраваў пасланне да Прэзідэнта Мексікі Энрыке Пенья Ньета, старшыні Глабальнай платформы па зніжэнні рызыкі бедстваў, пасяджэнне якой праходзіць 22-26 мая 2017 г. у мексіканскім Канкуне. 

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што ў 2015 г. міжнароднай супольнасцю былі заключаны тры важных для будучыні чалавецтва пагадненні: Сендайская рамачная праграма па зніжэнні рызыкі бедстваў на 2015-2030 гг., Павестка дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. і Парыжская дамова аб кліматычных зменах. На яго думку, 2017 г. з’яўляецца важным для вызначэння з шляхамі рэалізацыі гэтых дакументаў.

Паводле кардынала Параліна, у першую чаргу, неабходна ўмацаваць прафілактычныя і адукацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на памяншэнне чалавечых, фізічных і эканамічных страт, выкліканых прыроднымі бедствамі. Яны часта абумоўлены некампетэнтным кіраваннем і дрэнна спланаванымі ініцыятывамі, без вызначэння прыярытэтаў. Прафілактычныя меры, спалучаныя з барацьбой з беднасцю і кліматычнымі зменамі, прызнаннем чалавечай годнасці і першаснасці чалавечай асобы, могуць дапамагчы зменшыць колькасць ахвяр стыхійных бедстваў, лічыць ён.

Другі аспект, на які звярнуў увагу кардынал Паралін, гэта ўвага да найбольш неабароненых народаў. Самыя бедныя часцей становяцца галоўнымі ахвярамі стыхійных бедстваў, якія дэстабілізуюць эканоміку і жыццё грамадства. “У гэтай перспектыве важна прыкласці намаганні, каб аднавіць годныя жыццёвыя ўмовы для тых, хто пацярпеў ад такіх бедстваў”, - сказаў ён.

Кардынал Дзяржсакратар нагадаў, што нельга недааацэньваць мабілізацыйную здольнасць мясцовых супольнасцяў у катастрафічных сітуацыях і заклікаў аказваць ім рознабаковую падтрымку.

Рэалізацыя прынятых дамоўленасцяў прадугледжвае таксама змену мыслення і стылю жыцця, сказаў іерарх і нагадаў словы папы Францішка, пра тое, што трэба думаць не толькі пра вынікі жахлівых кліматычных з’яў і стыхійных бедстваў, але і пра катастрофы, што вынікаюць з грамадскага крызісу. Менавіта апантанасць спажывецкім стылем жыцця можа справакаваць насілле і ўзаемнае знішчэнне, напісаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі да ўдзельнікаў міжнароднага форуму.








All the contents on this site are copyrighted ©.