2017-05-26 14:06:00

Францішак: памяць, малітва і місія – галоўныя для хрысціян


Памяць пра сустрэчу з Езусам, малітва і місія ў свеце – на гэты істотныя аспекты хрысціянскага жыцця звярнуў увагу Папа 26 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты ў Ватыкане.

Францішак нагадаў, што ўваскрослы Езус загадаў сваім вучням ісці перад Ім у Галілею, дзе адбылася іх першая сустрэча з Панам. Ён адзначыў, што кожны з нас мае сваю ўласную “галілею”, дзе Езус аб’явіўся нам упершыню. “Каб быць добрым хрысціянінам, трэба заўсёды памятаць аб першай сустрэчы з Езусам і наступных сустрэчах з Ім. Гэта ласка памяці, якая ў часы выпрабаванняў дае нам упэўненасць”, - сказаў Пантыфік.

Малітва да Пана, Які ўзнёсся на неба, але застаецца з намі, гэта яшчэ адзін важны пункт хрысціянскага жыцця. “Мы павінны прасіць ласку сузірання неба, ласку малітвы, адносін з Езусам у малітве, Які цяпер чуе нас, застаецца з намі”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Ён таксама ўказаў на важнасць місіі хрысціян у свеце і спаслаўся на словы Езуса: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19). “Такім чынам, месцам дзейнасці і жыцця хрысціян з’яўляецца свет, каб прапаведаваць слова Езуса, каб сказаць, што мы збаўлены, што Ён прыйшоў, каб даць нам ласку, каб прывесці ўсіх нас да Айца”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік адзначыў, што хрысціянская жыццё павінна развівацца ў гэтых трох вымярэннях: памяць, малітва і місія. Гэта зробіць яго радасным. “Няхай Пан дасць нам ласку, зразумець тапаграфію ўсяго хрысціянскага жыцця і ісці наперад з радасцю, з той радасцю, якую ніхто не можа адабраць у нас”, - завяршыў сваю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.