Хто служыць хворым з любоўю, той служыць Езусу, падкрэсліў Францішак падчас візіту ў генуэзскую педыятрычную клініку імя Джаніны Гасліні. Святы Айцец сустрэўся з маленькімі пацыентамі гэтай структуры, іх бацькамі і медыцынскім персаналам. Ён прыватна наведаў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і ўдзяліў увагу кожнаму дзіцяці, якога сустрэў на тэрыторыі шпіталя.
Папа нагадаў, што пакутуючыя ад хваробаў патрабуюць не толькі кампетэнтнай дапамогі, але таксама “сяброўскіх жэстаў, разумення, цяпла, айцоўскай і матчынай падтрымкі”.
Францішак нагадаў гісторыю клінікі, заснаванай у 1938 г. італьянскім палітыкам і прадпрымальнікам Джыралама Гасліні, які пасля смерці сваёй 11-гадовай дачкі, кіруючыся моцнай верай, вырашыў прадаць усю сваю маёмасць і пабудаваць шпіталь, якому было наканавана стаць вельмі вядомым у свеце.
“Мы ведаем, што вера дзейнічае ў першую чаргу праз любоў, а без яе з’яўляецца мёртвай. Таму заклікаю ўсіх вас, спаўняць вашу далікатную місію, кіруючыся любоўю, часта думаючы пра евангельскага Добрага Самараніна: будучы ўважлівымі да патрэбаў вашых маленькіх пацыентаў, з пяшчотнасцю пахіляючыся над іх слабасцю і бачачы ў іх Пана. Хто служыць хворым з любоўю, той служыць Езусу, Які адкрывае нам Нябеснае Валадарства”, - сказаў Папа.
All the contents on this site are copyrighted ©. |