2017-05-27 13:24:00

Пантыфік у Генуі нагадаў пра годнасць працы


Пастырскі візіт у Геную – які праходзіць 27 мая 2017 г. – Францішак пачаў з сустрэчы з прадстаўнікамі свету працы. Яна прайшла на тэрыторыі сталеліцейнага завода “Ілва”, куды Папа накіраваўся з аэрапорта, у які прыляцеў на самалёце з Рыма. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 3500 рабочых. Святы Айцец прызнаўся, што вельмі рады апынуцца побач з портам, з якога яго бацька, разам з бабуляй і дзядуляй, як эмігранты, накіраваліся ў Аргентыну.

У размове з супрацоўнікамі кампаніі, ён звярнуў увагу на фундаментальную важнасць добрых прадпрымальнікаў для эканомікі. “Не будзем забываць, што прадпрымальнік павінен быць, у першую чаргу, працаўніком”, - сказаў Папа. На яго думку, не з’яўляюцца добрымі прадпрымальнікамі тыя, якія думаюць вырашыць эканамічныя праблемы шляхам звальнення людзей. Добры прадпрымальнік пакутуе, і ў гэтых пакутах нараджаюцца ідэі, якія дапамагаюць пазбегнуць звальненняў, дадаў Пантыфік.

Святы Айцец супрацьпаставіў добрым прадпрымальнікам спекулянтаў – асобаў, якія не любяць свае прадпрыемствы, а бачыць у іх, і ў сваіх працаўніках, толькі сродак для атрымання выгады. Са спекулянтамі эканоміка губляе твар і твары, і становіцца абстрактнай, лічыць Францішак. Ён таксама крытычна выказаўся, супраць законаў, якія спрыяюць асобам, што спекулююць на працы, а не тым, якія інвестуюць у яе. 

Францішак падкрэсліў, што “працуючы мы больш становімся людзьмі”. Праца “намашчае” людзей годнасцю, таму важна забяспечыць ёй усіх. Ён асудзіў сістэму, пры якой людзі не атрымліваюць належнай аплаты за сваю працу, наймаюцца без сацыяльных гарантый, калі дзяржава пакідае пенсіянераў без належнага клопату і разглядае выплату сацыяльнай дапамогі ў якасці сродку для вырашэння праблемы беспрацоўя сярод моладзі. “Праблема павінна быць вырашана працай для ўсіх”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа пажадаў, каб на прадпрыемствах панаваў дух супрацоўніцтва, дапамогі і ўзаемнасці. Ён крытычна выказаўся ў адрас няроўнасці, створанай мерытакратычнай сістэмай, дзе бедны разглядаецца як той, хто заслугоўвае свайго стану і сам вінаваты ў ім. Святы Айцец таксама ўказаў на ідалапаклонніцкі характар сучаснага спажывецкага грамадства. Сустрэчу з рабочымі ён закончыў малітвай за прадпрымальнікаў, якія забяспечваюць людзей працай.








All the contents on this site are copyrighted ©.