2017-05-27 15:31:00

Папа да моладзі: бачыць Езуса ў кожным чалавеку


Місія змяняе позірк кожнага з нас, бо дазваляе ўбачыць у пакутуючым аблічча самаго Бога, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з каталіцкай моладзю, якая адбылася 27 мая 2017 г. у марыйным санктуарыі Мадонна-дэла-Гвардыя, у ваколіцах Генуі. З дапамогай тэлемосту ў сустрэчы прынялі ўдзел маладыя вязні генуэзскай турмы, да якіх Святы Айцец скіраваў асаблівае прывітанне.

Папа заклікаў моладзь быць місіянерамі сярод сваіх аднагодак, нясучы ім пасланне любові і надзеі. Паводле яго слоў, сапраўднай спакусай для юнакоў і дзяўчат з’яўляецца сузіранне жыцця “вачымі турыста”, гэта значыць павярхоўна, спыняючыся толькі, каб зрабіць фотаздымак і ідучы далей. “Гэта значыць, што я не дакранаюся да рэчаіснасці, не гляджу на тое, што здараецца потым. Не бачу рэчы такімі, якімі яны з’яўляюцца”, - сказаў Папа.

Францішак перакананы, што місійны лад жыцця садзейнічае асабістаму ператварэнню. Ён змяняе позірк, спосаб жыцця, дапамагае зразумець, што ў Касцёле няма “чыстых” і “нячыстых”, а ўсе з’яўляюцца дзецьмі Божымі. “Мы ўсе грэшнікі і ўсе маем Святога Духа ўнутры, які можа зрабіць нас святымі”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа заклікаў моладзь не ізаляваць, не адчужаць і не асуджаць бліжніх. Важна станавіцца блізкімі адно аднаму і “дакранацца рукой” да пакут самых апошніх. “Любіць – гэта значыць паціскаць брудную руку і мець здольнасць глядзець у вочы сітуацыям дэградацыі, кажучы: “Для мяне, ты з’яўляешся Езусам”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік паставіў у прыклад адвагу лігурыйскіх марскіх падарожнікаў. Трэба як яны адпраўляцца на пошук праўды, будучы, пры гэтым, уважлівымі да таго, што нам “прадаецца”, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі, лічыць ён. Святы Айцец назваў непрымальнай сітуацыю пры якой Міжземнае мора ператварылася ў вялікія могілкі для мігрантаў, што ўцякаюць ад голаду, вайны і эксплуатацыі. Ён пажадаў, каб краіны не закрывалі свае дзверы перад гэтымі людзьмі, а каталіцкую моладзь заклікаў садзейнічаць гасціннасці.

Пасля сустрэчы ў санктуарыі Мадонна-дэла-Гвардыя Францішак накіраваўся на абед, у якім прынялі ўдзел каля 120 бедных, бяздомных, бежанцаў і зняволеных рознага паходжання, аб якіх клапоціцца дабрачынная экуменічная "Супольнасць св. Эгідзія".








All the contents on this site are copyrighted ©.