2017-05-30 15:25:00

Бэнэдыкт XVI прапанаваў напісаць прадмову да кнігі кардынала


Напісанне спецыяльнага тэксту да кнігі “Сіла бязмоўя” было ініцыятывай Бэнэдыкта XVI, прызнаўся яе аўтар, кардынал Рабер Сара ў кулуарах прэзентацыі нямецкага перакладу. Папа на пенсіі размаўляў з гвінейскім іерархам пасля прачытання кнігі і выявіў, што ў ёй апісана тое, што для яго з’яўляецца крыніцай духоўнага жыцця. У сувязі з гэтым, ён асабіста прапанаваў аўтару напісаць прадмову да нямецкага выдання.

Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў прызнаўся, што кніга аб цішыні ў хрысціянскім жыцці грунтуецца як на яго асабістым духоўным досведзе, так і на тым, што пазнаў у якасці кіраўніка дыкастэрыі. Ён спаслаўся, у прыватнасці, на збядненне літургіі ў апошнія дзесяцігоддзі, коштам яе адаптавання да чаканняў чалавека. Усё часцей літургія становіцца мерапрыемствам, падчас якога нібыта незразумелыя жэсты замяняюцца патокам слоў.

Паводле кардынала Сара, у сучаснай форме літургія не адпавядае задачам, якія ставіў Другі Ватыканскі Сабор. Таму патрэбныя змены і гэта разумеюць многія маладыя святары, што абяцае добрую будучыню.

“Мы павінны маліцца, клапаціцца пра сям’ю і заставацца вернымі дактрыне. Бог пакажа нам правільны шлях, таму што блытаніна не з’яўляецца добрым ладам жыцця”, - сказаў ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.