2017-05-30 14:11:00

Кардынал-прэфект пра інтэрпрэтацыю дактрыны епіскапатамі


Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння выказаўся адносна інтэрпрэтацыі адгартацыі “Amoris laetitia”. На амерыканскім каталіцкім тэлебачанні “EWTN” ён пракаментаваў, у прыватнасці, той факт, што многія біскупы ў свеце ў імя дакументу згаджаюцца на дапушчэнне да св. Камуніі разведзеных асоб, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах.

Кардынал Герхард Людвіг Мюлер адзначыў, што Папа і дактрына могуць толькі інтэрпрэтаваць словы Хрыста, а вучэнне аб непарыўнасці сужэнства цалкам яснае. Ён патлумачыў, што Святы Айцец хоча дапамагчы людзям, якія жывуць у секулярызаваным свеце і не ў поўнай меры зразумеюць, чым з’яўляецца хрысціянская жыццё.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі згадаў знакаміты фрагмент адгартацыі аб магчымасці дапушчэння да сакрамэнтаў і растлумачыў, што ўмовай сакрамэнту споведзі з’яўляецца навяртанне і пастанова выпраўлення. Гэта азначае, што згаданае правіла адносіцца толькі да тых выпадкаў, калі пэнітэнты гатовыя жыць як брат і сястра. Іерарх таксама адзначыў, што аддзяленне дактрыны ад душпастырства, а таксама ігнараванне дактырыны ў душпастырскіх мэтах, не з’яўляецца каталіцкім, бо не можна аддзяліць Езуса Настаўніка ад Езуса Добрага Пастыра.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння назваў “не добрым”, калі епіскапаты асобных краін бяруцца за афіцыйную інтэрпрэтацыю Папы. Гэта з’ява не каталіцкая. “У нас ёсць папскі дакумент, які павінен быць прачытаны ў кантэксце ўсёй каталіцкай Традыцыі. Няма двух вучэнняў: аднаго папскага, другога біскупскага. Гэта памылковае меркаванне, якое наносіць шкоду Касцёлу”, - сказаў кардынал Мюлер.

Ён таксама пракаментаваў сітуацыю вакол дыялогу з традыцыяналісцкім брацтвам св. Пія X. На яго думку, гэта справа патрабуе больш часу, таму што тут неабходная “змена сэрца”, а не “проста падпісанне дакументу”. Ён нагадаў, што той, хто хоча быць католікам, у прыватнасці, павінен прыняць Саборы і іншае вучэнне Касцёла.

Падчас інтэрв’ю гаворка ішла таксама пра створаную Францішкам камісію па вывучэнні пытання дыяканату жанчын. Кардынал Мюлер адзначыў, што гаворка тут не ідзе пра пасвячэнне жанчын, паколькі гэта не магчыма, як паказалі, між іншым, даследаванні Кангрэгацыі Веравучэння. Справа тычыцца жанчын, якія ў раннім Касцёле выконвалі некаторыя дапаможныя функцыі, напрыклад, у дабрачыннай дзейнасці. Ён звярнуў увагу на той факт, што сёння жанчыны займаюць адказныя пасады ў Касцёле, нашмат вышэйшыя, чым гэта было калі-небудзь у гісторыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.