2017-05-31 14:20:00

Кіраўніцтва Карэі разлічвае на дапамогу Святога Пасаду


Папа выявіў вялікую цікавасць да Карэі і мясцовага Касцёла. Ён таксама запэўніў, што новы Прэзідэнт Мун Джэін заўсёды будзе жаданым госцем у Ватыкане, распавёў пасля вяртання на радзіму арцыбіскуп Хайгінус Кім Хі Чжун, старшыня мясцовага епіскапату.

Па просьбе Прэзідэнта ён знаходзіўся тыдзень з місіяй у Ватыкане, праводзячы кансультацыі са Святым Пасадам адносна дапамогі ў пераадоленні крызісу ў адносінах паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй. Мун Джэін, католік, накіраваў адмысловы ліст да Святога Айца. Арцыбіскуп Кім, як яго пасланнік, быў двойчы прыняты Францішкам. Пасля вяртання ў Сеул ён асабіста паінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб выніках сваёй місіі ў Ватыкане. Гэты выпадак можна назваць беспрэцэдэнтным у гісторыі краіны.

Карэйцы ведаюць аб ключавой ролі ватыканскай дыпламатыі ў аднаўленні адносін паміж Злучанымі Штатамі і Кубай, а таксама ва ўсталяванні міру ў Калумбіі. Яны спадзяюцца, што Святы Пасад дапаможа ў адкрыцці дыпламатычных каналаў з камуністычным рэжымам. У знак добрай волі, Мун Джэін пагадзіўся аднавіць гуманітарную дапамогу Паўночнай Карэі праз пазаўрадавыя арганізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.