2017-05-31 12:22:00

Пантыфік: Святы Дух дорыць надзею і робіць яе сейбітамі


Святы Дух дае нам не толькі здольнасць мець надзею, але і быць яе сейбітамі, адзначыў Францішак 31 мая 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Сваю катэхезу Папа прымеркаваў да надыходзячай урачыстасці Спаслання Святога Духа. “Дух, гэта вецер, які штурхае ісці наперад, які нас трымае на шляху, які дапагамае нам адчуць сябе пілігрымамі і чужынцамі, і не дазваляе нам утульна ўсесціся і стаць “цяжкім на пад’ём” народам”, - сказаў Папа.

“Пасланне да Габрэяў параўноўвае надзею з якарам (Габ 6,18-19). Да гэтага вобразу мы можам дадаць вобраз паруса. Калі якар, гэта тое, што дае лодцы стабільнасць і трымае яе “ўкаранёнай” падчас хвалявання мора, парус – гэта тое, што дазваляе ёй плыць па водах наперад. Сапраўды, надзея, як парус, збірае вецер Святога Духа і ператварае яго ў рухаючую сілу, якая штурхае лодку, у залежнасці ад сітуацыі, на глыбіні ці да берага”, - адзначыў Пантыфік.

Папа заклікаў паразважаць над словамі апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: “Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй” (Рым 15,13). Ён заўважыў, што словы “Бог надзеі” азначаюць не толькі тое, што Бог з’яўляецца аб’ектам нашай надзеі; Ён таксама Той, хто дазваляе мець надзею і робіць нас “усцешанымі надзеяй” (Рым 12,12). “Людзі патрабуюць надзеі, каб жыць, і патрабуюць Святога Духа, каб мець надзею”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Мы чулі, што св. Павел надае Святому Духу здольнасць “абагачаць нас надзеяй”. Абагаціцца надзеяй, значыць ніколі не апускаць рукі, значыць спадзявацца “насуперак надзеі” (Рым 4,18), гэта значыць спадзявацца нават тады, калі адсутнічаюць любыя чалавечыя прычыны для гэтага, як было ў выпадку Абрагама, калі Бог папрасіў яго прынесці ў ахвяру свайго адзінага сына, Ісаака, і як было, больш моцна, у выпадку Панны Марыі пад крыжам Езуса”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Святы Дух робіць людзей не толькі здольнымі мець надзею, але і быць яе сейбітамі, суцяшальнікамі і заступнікамі для братоў. “У першую чаргу, бедныя, маргіналізаваныя, і людзі, якіх не любяць, маюць патрэбу ў кімсьці, хто стане для іх “параклетам”, што значыць суцяшальнікам і абаронцам”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, таксама, што Святы Дух “умацоўвае надзею не толькі ў сэрцах людзей, але і ва ўсім стварэнні”. “Апостал Павел кажа, і гэта здаецца крыху дзіўна, што таксама і стварэнне “з надзеяй чакае” вызвалення, “стогне і пакутуе”, як падчас нараджэння. “Энергія, здольная ўзрушыць свет, з’яўляецца не ананімнай і сляпой сілай, але дзейнасцю Святога Духа, Які “лунаў над водамі” напачатку стварэння”. Таксама і гэта падштурхоўвае нас паважаць стварэнне: нельга забрудзіць карціны, не абразіўшы мастака, які яе стварыў”, - адзначыў Францішак.

Папа пажадаў, каб надыходзячая ўрачыстасць Пяцідзесятніцы, дзень нараджэння Касцёла, застала вернікаў злучанымі ў малітве з Маці Божай і прынесла надзею – дар Святога Духа.








All the contents on this site are copyrighted ©.