2017-06-01 15:00:00

Пантыфік: сям’я – саюзнік у інтэгральным прагрэсе грамадства


Еўропа павінна разглядаць сям’ю як каштоўны скарб для грамадства; сям’я, гэта свайго роду закваска, якая дапамагае зрабіць свет больш гуманным і больш братэрскім, гэтыя думкі прагучалі 1 чэрвеня 2017 г. у ватыканскай Клементыйскае зале з вуснаў Пантыфіка, падчас яго сустрэчы з членамі Еўрапейскай федэрацыі каталіцкіх сямейных асацыяцый (FAFCE).

Дзейнасць каталіцкіх структур павінна нагадваць усім, што няма лепшага саюзніка для інтэгральнага прагрэсу грамадства, чым прысутнасць сем’яў у сацыяльнай тканіне. Сёння сям’я з’яўляецца асновай грамадства і застаецца самай прыдатнай структурай для забеспячэння чалавецтва інтэгральнымі дабротамі, неабходнымі для яго далейшага развіцця, падкрэсліў Францішак. Менавіта “сямейны капітал” павінен сілкаваць эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя адносіны на еўрапейскім кантыненце, перакананы ён.

Пантыфік нагадаў, што чатыры складаючыя крызісу, які ўплывае на Еўропу, гэта дэмаграфія, міграцыя, занятасць і адукацыя; і ўсё гэта звязана з рэчаіснасцю сям’і. Таму для вырашэння праблем патрэбна палітыка падтрымкі сем’яў. Задача каталіцкіх сямейных асацыяцый – запрашаць да канструктыўнага дыялогу ўдзельнікаў грамадскай сцэны, не хаваючы сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці. 

Таксама і самі сем’і не могуць заставацца ў баку; яны павінны весці дыялог з іншымі, каб пабудаваць адзінства, заснаванае на разнастайнасці. Тут Папа заклікаў паважаць досвед старэйшага пакалення ў ініцыятывах на карысць сям’і, служыць патрабуючым, інвалідам, дзецям-сіротам, мігрантам. Не можна забыцца і пра моладзь. 

Францішак заклікаў сем’і да творчага ўкладу ў касцёльнае і грамадскае жыццё, праз новыя метады і рэсурсы, характэрныя для іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.