2017-06-02 12:41:00

Ватыканскія музеі: працяг інсталяцыі экалагічнага асвятлення


Знакамітыя Станцы Рафаэля (Stanze di Raffaello) паўсталі перад наведвальнікамі Ватыканскіх музеяў у новым святле, прычым, у літаральным сэнсе. Тут была ўсталявана новая сістэма ілюмінацыі з 2400 святлодыёдаў. Адкрыццё былых папскіх пакояў пасля інсталяцыі новага асвятлення адбылося 1 чэрвеня 2017 г. – праз 500 гадоў пасля таго, як Рафаэль Санці завяршыў роспіс гэтых памяшканняў.

Дзякуючы праекту, фрэскі сталі больш выразнымі, лічыць прафесар Антоніа Паолучы, былы дырэктар Ватыканскіх музеяў. Ён нагадаў, што Станцы з’яўляюцца надзвычайным прыкладам каталіцкай антрапалогіі.

Ілюмінацыя была ўсталяванна дзякуючы супрацоўніцтву паміж Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан і нямецкай кампаніяй “Osram”. Раней святлодыёды вытворчасці гэтай фірмы былі інсталяваныя ў Сікстынскай капэле і на плошчы св. Пятра. Новая сістэма дапаможа зэканоміць электраэнергію і абараніць каштоўныя фрэскі Рафаэля ад шкоднага ўльтрафіялетавага і інфракраснага выпраменьвання. Як прызналася цяперашні дырэктар Музеяў, Барбара Ята, дзякуючы супрацоўніцтву з “Osram” эканомія электрычнасці дасягне 70% у параўнанні з мінулым. Тым больш, што новая ілюмінацыя з’яўляецца цалкам экалагічнай, і гэта важна ў святле заклікаў папы Францішка.

Станцы Рафаэля – гэта чатыры невялікія памяшканні Папскага палацу ў Ватыкане, якія былі распісаны 25-гадовым Рафаэлем Санці і яго вучнямі па замове Юлія ІІ. Сёння яны з’яўляюцца часткай Ватыканскіх музеяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.