2017-06-02 13:01:00

Францішак: трэба пасвіць народ Божы з пакорай і любоўю


Езус даверыў сваіх ягнят Пятру і заклікаў яго пасвіць Божы народ з пакорай і любоўю, адзначыў Францішак 2 чэрвеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на евангельскае літургічнае чытанне (Ян 21,15-19), у якім уваскрослы Езус, у спакойным і сяброўскім дыялогу, даручыў Пятру абавязак кіравання Касцёлам на зямлі.

Хрыстус выбраў грэшніка, каб той пас Ягоных авечак. Ён зрабіў гэта тройчы, задаючы пытанне: “Ці любіш ты Мяне больш, чым яны?”. Францішак заўважыў, што перад гэтым іншыя вучні разбегліся, а Пётр выракся Хрыста. Тым не менш, Езус выбраў выбраў грэшніка, каб пасвіў Ягоны статак з любоўю.

“Не пасвіць з узнятай уверх галавой, як вялікі ўладар. Наадварот: пасвіць з пакорай, любоўю, як рабіў Езус. Вось місія, якую Езус даверыў Пятру, нягледзячы на яго грахі і памылкі. (...) Весці Божы Народ з любоўю: “Бо гэтыя авечкі не твае, а Мае”, кажа Пан. “Калі ты мой сябар, тады павінен быць і іх сябрам”, - заўважыў Пантыфік.

Па словах Францішка, апостал Пётр меў мужнасць горка плакаць за свой грэх. Акрамя таго, Пётр меў вялікую пакору. Ён закончыў жыццё як і Езус – на крыжы – але прасіў, быць укрыжаваным уніз галавой, каб было бачна, што Ён не Пан, а слуга. 

“Вось, што можна ўзяць з гэтага цудоўнага, спакойнага, сяброўскага дыялогу”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў вернікаў прасіць у Бога аб ласцы крочыць па жыцці з узнятай галавой, у сілу той годнасці, якую Бог нам даў, але таксама і з пахіленай, прызнаючы, што з’яўляемся грэшнікамі і слугамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.