2017-06-03 14:33:00

Пантыфік абвясціў надзвычайны перыяд малітвы за місіі


Пантыфік пагадзіўся з прапановай Папскіх місійных таварыстваў і Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў устанавіць надзвычайны перыяд малітвы і разважанняў аб “missio ad gentes” (місіі народаў). Такім часам быў абраны кастрычнік 2019 г. Сваё рашэнне Святы Айцец аб’явіў 3 чэрвеня 2017 г., падчас аўдыенцыі ў Ватыкане для ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Папскіх місійных таварыстваў.

Пантыфік выказаў занепакоенасць тым, што вельмі часта дзейнасць гэтай асацыяцыі зводзіцца да збору грашовых сродкаў і іх размеркавання ў бедных краінах. Ён патлумачыў, што час асаблівай малітвы патрэбны менавіта для таго, каб аднавіць запал і духоўны рухавік апостальскай дзейнасці.

Невыпадковы і выбар перыяду для малітоўнай ініцыятывы: у 2019 г. Каталіцкі Касцёл будзе адначаць 100-гадовы юбілей Апостальскага паслання “Maximum illud” папы Бэнэдыкта XV, у якім падкрэсліваецца важнасць святасці жыцця, узмацнення адзінства з Езусам і ўдзелу ў прапаведванні Евангелля ў духу любові і міласэрнасці. Па словах Францішка, гэтае заданне застаецца сутнасным і для сучасных місій.

Надзвычайны месяц малітвы і разважанняў аб місіях задуманы для абнаўлення “эклезіяльнай веры”, “каб у самым яе сэрцы заўсёды знаходзілася і дзейнічала Уваскрасенне Езуса Хрыста”, сказаў Францішак. Цытуючы Апостальскую адгартацыю “Evangelii nuntiandi” папы Паўла VI, прысвечанай евангелізацыі ў сучасным свеце, Святы Айцец нагадаў, што ў місіі прапаведвання Касцёл павінен пачынасць з самога сябе, “калі хоча захаваць свежасць, мэтанакіраванасць і моц” у справе евангелізацыі.

“У духу вучэння благаслаўлёнага Паўла VI жадаю, каб святкаванне стагоддзя “Maximum illud” у кастрычніку 2019 г., стала спрыяльным часам, каб малітва, прыклад многіх святых і мучанікаў місіянераў, біблійныя і тэалагічныя разважанні, катэхезы і місійная дабрачыннасць спрыялі евагелізацыі, перш за ўсё, Каталіцкага Касцёла, з тым, каб ён, з абноўленымі свежасцю і запалам, мог прапаведваць свету ўпэўнена і плённа”, - сказаў Францішак на заканчэнне сустрэчы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.