2017-06-03 11:40:00

У Ватыкане каментуюць выхад ЗША з Парыжскага пагаднення


Выхад ЗША з Парыжскага пагаднення аб кліматычных зменах уяўляе сабой сур’ёзную рызыку, але, з іншага боку, можа стаць магчымасцю для ўсяго свету. У каментары пад назвай “Рызыка і магчымасць” ватыканская “L’Osservatore Romano” не асуджае адкрыта рашэння Дональда Трампа, але задаецца пытаннем, якія наступствы яно можа мець. Аўтар, Лука Пасаці, гісторык філасофіі і думкі Рымскага ўніверсітэта “La Sapienza”, лічыць, што “гэтага можна было чакаць”.

“Трамп ніколі не хаваў, што не верыць у глабальнае пацяпленне і навуковыя доказы таго, што змяненне клімату можа быць звязана з дзейнасцю чалавека. Цікава, што гэтая стратэгія не знаходзіць доказаў у гаспадарчых інтарэсах, таму што такія гіганты, як “Exxon”, “DuPont”, “Shell”, “BP” ужо шмат гадоў інвестуюць у распрацоўку аднаўляльных крыніц энергіі, і запавольванне адыходу ад выкарыстання вугалю стане неспрыяльным для іх”, - лічыць аўтар каментара ў ватыканскай газеце.

На яго думку, праблема заключаецца ў тым, што “ў сваім фундаментальным выбары Трамп не слухае лобі. Ён глядзіць на сваю ўласную базу: шахцёраў з штатаў Заходняя Вірджынія і Кентукі або на рабочых з Пенсільваніі, якіх закрануў крызіс і якія чакаюць сігналу разрыву з ліберальным істэблішментам. Для іх выхад з Парыжскага пагаднення азначае захаванне працоўных месцаў”.

На колькі гэты новы сцэнар можа быць рызыкоўным на плоскасці геапалітычнай, падахвочваючы іншыя краіны ўзяць прыклад з ЗША, настолькі існуе магчымасць, што “ў дадзены момант можа адрадзіцца цікавасць да спраў клімату з боку саюзу двух рэальнасцяў, якія шукаюць цяпер новай ідэнтычнасці: Еўропы пасля “Brexit” і Кітаю Сі Цзіньпіна”. 

Калі першая, як заявіла канцлер Меркель, “возьме свой лёс ва ўласныя рукі”, не аглядаючыся на саюзнікаў з-за Атлантыкі, то другі можа паказаць сябе свету ў якасці энтузіяста дапушчальнай глабалізацыі, “вялікай адказнай краіны”, як сказаў Сі на форуме ў Давосе ў 2016 г. “Гульня ідзе за новы сусветны парадак”, - лічыць прафесар Пасаці.








All the contents on this site are copyrighted ©.