2017-06-04 12:47:00

Францішак: немагчыма замкнуць Святога Духа ў клетцы


“Сёння больш, чым калі-небудзь, неабходна адзінства хрысціян, аб’яднаных Святым Духам у малітве і ў дзеянні для найбольш уразлівых”, - сказаў Папа 3 чэрвеня 2017 г. у Рыме, звяртаючыся да членаў касцёльных харызматычных рухаў з усяго свету. Амаль 50 тыс. чалавек з больш чым 120 краін прыбылі ў рымскі “Circo Massimo”, з нагоды 50-годдзя свайго існаваньня ў рамках Каталіцкага Касцёла.

Адзінства патрэбна для місіі, каб абвяшчаць, што Езус ёсць Панам, заўважыў Францішак і дадаў, што, нягледзячы на адрозненні паміж хрысціянамі, яны павінны быць “паяднанай разнастайнасцю”. Ён нагадаў, што гэты тэрмін мае пратэстанцкае паходжанне.

Пантыфік адзначыў, што месца сустрэчы каталіцкіх харызматаў невыпадковае. У Вялікім цырку, у часы ганенняў, былі закатаваныя многія хрысціяне, і рабілася гэта для забавы гледачоў. “Сёння больш хрысціянскіх мучанікаў, чым учора!” – працягнуў Францішак. Ён адзначыў, што забойцы хрысціян не пытаюцца да якой належаць канфесіі: каталіцкай, праваслаўнай ці пратэстанцкай; яны для іх – хрысціяне. Гэта сапраўдная “кроў экумэнізму”, - сказаў ён і заклікаў сваіх слухачоў любіць адно аднаго і разам ісці наперад, каб на шляху прыйсці да згоды.

Францішак падкрэсліў, што Каталіцкі харызматычны рух з’яўляецца “плыняй ласкі Святога Духа”, паколькі не мае ні заснавальніка, ні статутаў, ні органаў кіравання. Ён адзначыў, што перад гэтай плыняй не можна паставіць плаціны, бо немагчыма замкнуць Святога Духа ў клетцы.

“Дзяліць з усімі ў Касцёле хрост у Святым Духу, пастаянна славіць Пана, ісці разам з хрысціянамі розных Цэркваў і супольнасцяў у малітве і дзеянні на карысць самых патрабуючых, у служэнні бедным і хворым – гэта тое, чаго чакае ад вас Касцёл і Папа”, - завяршыў сваю прамову Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.