2017-06-06 15:17:00

Ватыканская бібліятэка адкрывае доступ да лічбавых архіваў


Ватыканская бібліятэка зрабіла яшчэ адзін крок у кірунку больш эфектыўнага і шырокага навуковага выкарыстання сваіх унікальных рукапісных калекцый. Электронны архіў з 14 тыс. старажытных манускрыптаў, якія раней прайшлі алічбоўку, будзе ўключаны ў сетку каля 40 нацыянальных і навуковых бібліятэк свету. Даследчыкі, дзякуючы агульнаму інтэрнэт-пратаколу, атрымаюць магчымасць непасрэднага параўнання рукапісаў.

Адпаведныя стандарты былі распрацаваны ў 2012 г. Стэнфардскім універсітэтам. “International Image Interoperability Framework” (IIIF) дазваляе абмен паміж базамі дадзеных, незалежна ад праграмнага забеспячэння бібліятэк. 

Да высокаякасных лічбавых копій манускрыптаў Ватыканская бібліятэка хоча далучыць іх транскрыпцыю і поўную інфармацыю пра тэксты. Праект, рэалізацыя якога разлічана на тры гады, быў пачаты ў кастрычніку 2016 г.

Ватыкан прымае на гэтым тыдні штогадовы сход бібліятэк, якія з’яўляюцца членамі “International Image Interoperability Framework”. Сустрэча адбываецца ў інстытуце “Augustinianum” у Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.