2017-06-06 11:19:00

Святы Айцец прыме венесуэльскіх біскупаў у Ватыкане


У чацвер, 8 чэрвеня, Святы Айцец прыме на аўдыенцыі Пастаянную раду Канферэнцыі Біскупаў Венесуэлы, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду Грэг Бёрк. Кіраўнік Залы Друку адзначыў, што аб сустрэчы папрасілі венесуэльскія іерархі, якія хочуць распавесці пра бягучую сітуацыю на сваёй радзіме.

У краіне ўзмацняюцца пратэсты, удзельнікі якіх выступаюць з патрабаваннямі адстаўкі прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Іх жорстка разганяюць урадавыя войскі. Пануе беднасць, ёсць праблема голаду і агульнага недахопу лекавых сродкаў. У той жа час, Мадура імкнецца змяніць канстытуцыю, з тым, каб пазбавіць парламент, дзе апазіцыя мае пераважную большасць, яго паўнамоцтваў у многіх пытаннях. 

Венесуэльскі епіскапат у студзеня 2017 г. заявіў, што ў краіне пануе “таталітарная палітычная сістэма”, якая імкнецца навязаць “сацыялізм XXI стагоддзя”. І ўсё гэта нягледзячы на “поўную паразу”, якую “сацыялізм пацярпеў у кожнай краіне, у якой быў уведзены”.

Раней папа Францішак прызначыў свайго спецыяльнага пасланніка ў Венесуэле. Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі сустракаўся некалькі месяцаў таму з усімі бакамі ўнутранага канфлікту і акрэсліў сітуацыю, як вельмі складаную.

Трэба нагадаць, што Пантыфік асабіста напісаў ліст да Прэзідэнта Венесуэлы, у якім выказаў сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне, а затым прыняў яго на аўдыенцыі ў Ватыкане. Францішак пажадаў Венесуэле вырашыць свае праблемы шляхам дыялогу, а не канфрантацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.