2017-06-07 11:30:00

Святы Пасад пра неабходнасць абароны Сусветнага акіяну


Чалавечая дзейнасць у Сусветным акіяне ў будучыні, верагодна, пашырыцца; будуць адкрывацца новыя транспартныя маршруты па прычыне развіцця рыбалоўства, горназдабыўной прамысловасці, здабычы нафты і прыроднага газу; будзе мець месца больш інтэнсіўнае асваенне марскіх рэсурсаў для іх навуковага і камерцыйнага выкарыстання. Такі прагноз агучыў кардынал Пітэр Тарксан 6 чэрвеня 2017 г. у Нью-Ёрку. Іерарх узначаліў дэлегацыю Святога Пасаду на канферэнцыі ААН па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні акіянаў, мораў і марскіх рэсурсаў у інтарэсах устойлівага развіцця.

Дрэнны стан навакольнага асяроддзя схіляе да паляпшэння палітыкі, законаў, правілаў і паводзін, бо эканамічны і сацыяльны росквіт павінен супадаць з экалагічнай устойлівасцю. Гэта трэба рабіць і на глабальным, і на мясцовым узроўнях. Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека прапанаваў, напрыклад, перапрафіляваць шкодныя для экалогіі субсідыі і заахвочваць капітал да экалагічна чыстых інвестыцый у марской сферы, паколькі існуе неабходнасць у кіраванні, абароне, захаванні і аднаўленні марской і прыбярэжнай экасістэмы, звяртаючы ўвагу на людзей, якія жывуць там. 

Іерарх нагадаў пра заклік папы Францішка, ствараць “інтэгральную экалогію”, падставай якой з’яўляецца павага да чалавечага і сацыяльнага аспектаў прыроды. Не можна, на думку Пантыфіка, адэкватна змагацца з дэградацыяй навакольнага асяроддзя, не звяртаючы ўвагі на прычыны гуманітарнай і сацыяльнай дэградацыі. Збядненне рыбных запасаў асабліва балюча адлюстроўваецца на дробных рыбалавецкіх супольнасцях; ад забруджвання вады асабліва пакутуюць маламаёмасныя, якія не могуць дазволіць сабе купіць ваду ў бутэльках; павышэнне ўзроўню мора галоўным чынам ўплывае на збяднелае насельніцтва прыбярэжных раёнаў, якому больш няма куды ісці.

Святы Пасад лічыць, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый адыгрывае важную ролю ў кіраванні, абароне, захаванні і аднаўленні марскіх і прыбярэжных экасістэм, падкрэсліў кардынал Тарксан. І тут патрэбны больш эфектыўны і адзіны падыход, сказаў ён у завяршэнне сваёй прамовы ў штаб-кватэры ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.