2017-06-07 12:18:00

Францішак заклікаў да “хвіліны малітвы за мір”


Папа заклікаў усіх далучыцца да міжрэлігійнай малітвы за мір. “У наш час вельмі патрэбная малітва – хрысціян, юдэяў і мусульман – за мір”, - сказаў Папа 7 чэрвеня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён нагадаў, што 8 чэрвеня ў 13.00 у многіх краінах у чарговы раз будзе рэалізавана ініцыятыва “Хвіліна малітвы за мір”. Яна праходзіць у гадавіну сустрэчы ў Ватыкане прэзідэнтаў Ізраіля і Палестыны, ініцыятарам якой быў Францішак. 

Малітоўная сустрэча ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе і ў свеце прайшла 8 чэрвеня 2014 г. ў Ватыканскіх садах з удзелам Шымона Перэса, Махмуда Абаса, папы Францішка і Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І.

Гэта сустрэча адпавядае гарачаму жаданню ўсіх, хто чакае міру і марыць пра свет, дзе людзі змогуць жыць, як браты, а не як праціўнікі і ворагі, сказаў тады Францішак. Ён падкрэсліў, што ахвяры канфліктаў і будучыя пакаленні патрабуюць ад адказных за сучасны свет “мужнасці міру”; але чалавечай сілы ў гэтай працы не дастаткова, трэба прасіць Бога аб дапамозе, каб разарваць спіраль нянавісці і насілля.








All the contents on this site are copyrighted ©.