2017-06-09 12:16:00

Пантыфік адкрые рымскую сядзібу фонда “Scholas Occurrentes”


Святы Айцец 9 чэрвеня 2017 г. прыме ўдзел у інаўгарыцыі рымскай сядзібы Папскага фонда “Scholas Occurrentes”. Яна размесціцца ў палацы св. Каліста ў рымскім раёне Трастэвэрэ, які з’яўляецца ўласнасцю Апостальскай Сталіцы.

“Scholas Occurrentes” узнікла на падставе адукацыйных праграм, ініцыяваных Хорхэ Марыё Бэрголіа падчас яго біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе. Філасофіяй адукацыйнай сеткі з’яўляецца “культура сустрэчы”, пра якую Папа часта кажа і сёння. Яна аб’ядноўвае каля 400 тыс. дзяржаўных і рэлігійных адукацыйных устаноў у больш чым 70 краінах свету, якія супрацоўнічаюць паміж сабой у сферы спорту, мастацтва і тэхналогій. 

На працягу свайго пантыфікату Францішак неаднойчы прымаў удзел у ініцыятывах гэтага праекту: тэлемосце з дзецьмі-інвалідамі, заключэнні дамовы аб супрацоўніцтве з Дзіцячым фондам ААН ЮНІСЕФ і Паўднёваамерыканскай федэрацыяй футбола, сустрэчы з удзельнікамі дабрачыннага футбольнага матчу за мір.

У 2015 г. Францішак надаў у той час адукацыйнай сетцы “Scholas Occurrentes” статус Папскага фонду. Адкрыццё сядзібы ў Рыме стане яшчэ адным крокам з боку Святога Пасаду па дапамозе адукацыйным ініцыятывам для падлеткаў і моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.