2017-06-09 14:00:00

Папа: патрэбны ўклад жанчын у грамадскае і касцёльнае жыццё


Жанчыны павінны прысутнічаць у розных сферах жыцця, спрыяць адзінству чалавечай сям’і і барацьбе з культурай адчужэння, адзначыў Святы Айцец 9 чэрвеня 2017 г., падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па міжрэлігійнаму дыялогу. Форум быў прысвечаны ролі жанчын у навучанні паўсюднаму братэрству.

У прамове Францішак адзначыў, што сёння як ніколі патрэбна, каб яны прысутнічалі ў грамадскім, эканамічным, палітычнымі, нацыянальным, міжнародным і касцёльным жыцці. Жанчыны часта становяцца ахвярамі сляпога насілля, якое ударае па сем’ях і грамадствах і перашкаджае ім выконваць сваю выхаваўчую ролю.

Паводле Папы, у якасці першага кроку на карысць больш справядлівага і братэрскага грамадства , трэба ацаніць ролю жаночай паловы чалавецтва, у тым ліку праз прававыя інструменты, каб яны маглі дзяліцца сваімі дарамі з усім грамадствам і спрыяць адзінству чалавечай сям’і.

Святы Айцец нагадаў пра здольнасць жанчын ствараць новыя магчымасці для гасціннасці і ўзаемнай павагі, быць уважлівымі да самых слабых членаў грамадства, ахвяраў канфліктаў. Жанчыны могуць шмат зрабіць для ўмацавання духа братэрства праз свой клопат аб захаванні жыцця і пераканаць у тым, што любоў – гэта адзіная сіла, якая можа зрабіць свет больш прыдатным для жыцця ўсіх і кожнага. 

Папа заўважыў, што многія жанчыны з’яўляюцца добра падрыхтаванымі для ўдзелу ў сустрэчах у рамках міжрэлігійнага дыялогу на самым высокім узроўні, і не толькі з каталіцкага боку. “Гэта значыць, што ўклад жанчын не павінен абмяжоўвацца “жаночай” тэматыкай і сустрэчамі толькі паміж жанчынамі. Дыялог – гэта шлях, які жанчына і мужчына павінна прайсці разам”, - падкрэсліў на заканчэнне прамовы Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.