2017-06-10 14:19:00

Святы Айцец здзейсніў афіцыйны візіт да Прэзідэнта Італіі


10 чэрвеня 2017 г. папа Францішак здзейсніў афіцыйны візіту у Квірынальскі палац – рэзідэнцыю Прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі Серджа Матарэлы. Пантыфік наведаў гэта месца ў другі раз: 14 лістапада 2013 г. ён сустракаўся тут з былым Прэзідэнтам Італіі Джорджа Напалітана.

Візіт пачаўся з прыватнай размовы, пасля якой італьянскі палітык правёў Святога Айца ў нядаўна адрэстаўраваную капліцу на тэрыторыі палацу. Тут яны правялі некаторыя час на супольнай малітве. У прывітальным слове Серджа Матарэла нагадаў пра італьянскія карані Папы. Ён адзначыў добрыя стасункі паміж Італіяй і Апостальскай Сталіцы, агульнае бачанне экалагічных праблем і міграцыйнага крызісу.

Францішак прызнаўся, што глядзіць на Італію з надзеяй, якую ўмацоўвае памяць аб мінулых пакаленнях, якія захавалі і перадалі галоўныя каштоўнасці – павагу да чалавечай годнасці, сям’і і працы. Папа закрануў найбольш вострыя праблемы сучаснасці, сярод якіх: тэрарызм, міграцыйны рух і пытанне бежанцаў, цяжкасці ў працаўладкаванні, асабліва моладзі. 

Па словах Пантыфіка, Італія, “чэрпаючы са сваіх шчодрых духоўных крыніц, робіць намаганні, каб трасфармаваць гэтыя выклікі ў падставы для росту і ў новыя магчымасці”. Краіна аказвае тэрміновую дапамогу бежанцам, у тым ліку, дзякуючы шырокай сетцы рэлігійных асацыяцый і парафій, падкрэсліў ён і адзначыў уклад Італіі ў міжнародны дыялог, накіраваны на падтрыманне міру, бяспекі і супрацоўніцтва паміж краінамі.

Святы Айцец адзначыў, што падыход італьянцаў да міграцыйнага крызісу, аказання дапамогі насельніцтву рэгіёнаў, якія пацярпелі ад нядаўніх землятрусаў, з’яўляюцца выразам пачуццяў і паводзін, натхнёных хрысціянскай верай, якая сфарміравала характар жыхароў гэтай краіны, і якая, у драматычныя моманты жыцця, пачынае ззяць яшчэ ярчэй.

Францішак з’яўляецца шостым Пантыфікам, які наведаў Квірынальскі палац пасля стварэння італьянскай дзяржавы. Першым Папам, які прыбыў у сюды з афіцыйным візітам быў Пій ХІІ, 28 снежня 1939 г., калі Італія яшчэ была манархіяй. Пантыфік сустрэўся тады з каралём Віктарам Імануілам ІІІ, у адказ на яго візіт у Ватыкан. Квірынальскі палац наведвалі таксама Ян XХIII і Павел VI. Ян Павел ІІ быў тут тройчы: у 1984 г, 1985 г. і 1998 г., а Бэнэдыкт XVI двойчы: у 2005 і 2008 гг..

Квірынальскі палац знаходзіцца на рымскім пагорку Квірынал, у самым цэнтры Вечнага горада. Ён быў пабудаваны ў XVI ст. і да 1870 г. з’яўляўся адной з рэзідэнцый Рымскіх Пантыфікаў. Затым ён перайшоў ва ўласнасць каралеўскай сям’і Савоя, а з моманту абвяшчэння Італіі рэспублікай у 1946 г. стаў рэзідэнцыяй Прэзідэнта краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.