2017-06-10 10:20:00

Францішак: адукацыя не толькі для эліт


Адукацыя павінна быць не толькі для эліт, падкрэсліў Францішак 9 чэрвеня 2017 г. падчас інаўгурацыі рымскай сядзібы Папскага фонда “Scholas Occurrentes”. Яна размясцілася ў палацы св. Каліста, які з’яўляецца ўласнасцю Апостальскай Сталіцы і знаходзіцца ў рымскім раёне Трастэвэрэ. 

Падчас цырымоніі з дапамогай тэлемосту сваімі сведчаннямі падзяліліся юнакі і дзяўчаты з Італіі, Калумбіі, Гаіці, Аргентыны, Парагвая, Бразіліі, Мексікі, Іспаніі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якія прымалі ўдзел ў ініцыятывах, арганізаваных Фондам. Затым Папа, спасылаючыся на спякотнае надвор’е ў Рыме, жартуючы заўважыў: “Як гэты пакой патрабуе кандыцыянеру”, так і наша грамадства патрабуе моладзі, “здольнай інтэграваць, працягваць руку, абдымаць і не здзейсняць нападаў”.

Францішак адзначыў, што быць адукаваным чалавекам не значыць шмат ведаць, а ўмець размаўляць з людзьмі на трох мовах: сэрца, рук і розуму. Ён звярнуў увагу на небяспеку элітарызма ў сферы адукацыі. Недапушчальна, каб ствараліся закрытыя групы, якія маюць магчымасць плаціць за адукацыю, а іншыя людзі не мелі да яе доступу, лічыць Святы Айцец. Калі закрыем сэрцы, розум і рукі, станем няздольнымі “думаць з іншымі, адчуваць іншых, працаваць з іншымі”, дадаў ён.

Папскі фонд “Scholas Occurrentes” узнік на падставе адукацыйных праграм, ініцыяваных Хорхэ Марыё Бэрголіа падчас яго біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе. Ён аб’ядноўвае каля 400 тыс. дзяржаўных і рэлігійных адукацыйных устаноў у больш чым 70 краінах свету, якія супрацоўнічаюць паміж сабой у сферы спорту, мастацтва і тэхналогій.

На працягу свайго пантыфікату Францішак неаднойчы прымаў удзел у ініцыятывах гэтага праекту: тэлемосце з дзецьмі-інвалідамі, заключэнні дамовы аб супрацоўніцтве з Дзіцячым фондам ААН ЮНІСЕФ і Паўднёваамерыканскай федэрацыяй футбола, сустрэчы з удзельнікамі дабрачыннага футбольнага матчу за мір.

У 2015 г. Пантыфік надаў у той час адукацыйнай сетцы “Scholas Occurrentes” статус Папскага фонду. Адкрыццё сядзібы ў Рыме стала яшчэ адным крокам з боку Святога Пасаду па дапамозе адукацыйным ініцыятывам для падлеткаў і моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.