2017-06-11 13:59:00

Францішак: Бог – гэта Любоў, якая ўсё асвячае


“Езус паказаў нам аблічча Бога, Адзінага ў сваёй істоце і Трох асобах. Бог з’яўляецца цалкам і выключна Любоўю, у субстанцыяльных адносінах, якія ўсё ствараюць, збаўляюць і асвячаюць: Айцец, Сын і Святы Дух”, - нагадаў папа Францішак 11 чэрвеня 2017 г. падчас малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане.

“Біблійныя чытанні на гэту нядзелю ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, дапамагаюць нам увайсці ў таямніцу тоеснасці Бога , - нагадаў Папа. - Другое чытанне прадстаўляе пажаданне, якое св. Павел скіроўвае да супольнасці Карынта: “Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі” (2 Кар 13,13). Гэта “благагаслаўленне” апостала з’яўляецца плёнам яго асабістага знаёмства з любоўю Бога, той любоўю, якую ўваскрослы Хрыстус яму адкрыў, якая перамяніла яго жыццё і “падштурхнула” несці Евангелле народам. Зыходзячы з гэтага досведу ласкі, Павел можа заклікаць хрысціян такімі словамі: “Радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў спакоі” (2 Кар 13,11). Хрысціянская супольнасць, нягледзячы на ўсе свае чалавечыя абмежаванні, можа стаць адлюстраваннем адзінства Найсвяцейшай Тройцы, Яе дабрыні і прыгажосці. Але гэта – як сам Павел сведчыць – абавязкова павінна прайсці праз сустрэчу з міласэрнасцю Бога, Яго прабачэннем.

Менавіта так здарылася з яўрэямі падчас пілігрымавання зыходу. Калі народ разарваў запавет, Бог з’явіўся Майсею ў воблаку, каб абнавіць гэты саюз, абвяшчаючы сваё імя і яго значэнне: “Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы” (Зых 34,6). Гэта імя азначае, што Бог не далёкі і закрыты ў сабе самім, а з’яўляецца жыццём, якое хоча перадавацца іншым, з’яўляецца адкрытасцю, Любоўю, якая збаўляе чалавека ад нявернасці. Бог “міласэрны”, “літасцівы” і “шматміласцівы”, таму што дае сябе нам, каб запоўніць нашыя абмежаванні і слабасці, каб прабачыць нашы памылкі, каб вярнуць нас на шлях справядлівасці і праўды. Гэта адкрыццё Бога дасягнула сваёй паўнаты ў Новым Запавеце, дзякуючы слову Хрыста і Яго місіі збаўлення. Езус паказаў нам аблічча Бога, Адзінага ў сваёй істоце і ў Трох асобах. Бог з’яўляецца цалкам і выключна Любоўю, у субстанцыяльных адносінах, якія ўсё ствараюць, збаўляюць і асвячаюць: Айцец, Сын і Святы Дух.

Евангелле сённяшняга дня паказвае Нікадэма, які, нягледзячы на тое, што займаў важнае месца ў рэлігійнай і грамадскай супольнасці свайго часу, не перастаў шукаць Бога, не сказаў сабе: “Я знайшоў”, і адчуў рэха Яго голасу ў Езусе. Падчас начной размовы з Назаранінам, Нікадэм нарэшце зразумеў, што сам быў шуканы і чаканы Богам, быў асабіста любімы Ім. Бог заўсёды шукае нас першы, чакае нас першы, любіць нас першы. Ён, як бы міндальная кветка, пра якую прарок кажа: “Квітнее першай”. Таму Езус сказаў яму: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). Чым з’яўляецца гэта жыццё вечнае? Яно з’яўляецца невымернай і бескарыслівай любоў Айца, якую Езус ахвяраваў на крыжы, аддаючы сваё жыццё дзеля нашага збаўлення. Гэта любоў, праз дзейнасць Святога Духа, праліла новае святло на зямлю і кожнае чалавечае сэрца, каторае яго прымае; святло, якое асвячае цёмныя куткі, зацвярдзеласці, што перашкаджаюць нам прыносіць добрыя плёны любові і міласэрнасці.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам усё больш уваходзіць, усёй нашай асобай, у трынітарнае Адзінства, каб жыць і сведчыць аб любові, якая дае сэнс нашаму існаванню”, - завяршыў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў і адзначыў важнасць прыкладу Італы Мелу, новай благаслаўлёнай, беатыфікацыя якой адбылася 10 чэрвеня 2017 г. ў італьянскай Спецыі. Папа пажадаў, каб яе сведчанне заахвочвала вернікаў часта скіроўваць думкі да Бога Айца, Сына і Святога Духа, “які жыве ў келлі нашага сэрца”.








All the contents on this site are copyrighted ©.