2017-06-13 12:41:00

Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень бедных


“Мы пакліканы працягнуць руку бедным”, - нагадаў Францішак у пасланні на Сусветны дзень бедных, які 19 лістапада 2017 г. упершыню будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле. Папскі дакумент быў апублікаваны і прадстаўлены 13 чэрвеня 2017 г. у Ватыкане. Ён пачынаецца словамі з Першага паслання св. Яна: “Не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю” (1 Ян 3,18).

Па словах Францішка, пытанне беднасці павінна стаць цэнтральным для хрысціян. “Калі жадаем па-сапраўднаму сустрэць Хрыста, павінны дакрануцца да Яго Цела ў ранах убогіх, у адказ на сакрамэнтальную Камунію, атрыманую ў Эўхарыстыі”. Папа падкрэсліў, што дапамога патрабуючым не можа здзейсняцца вернікамі толькі час ад часу.

“Мы пакліканы да таго, каб працягнуць руку бедным, сустракацца з імі, глядзець ім у вочы, прытуляць іх, каб яны адчулі цяпло любові, якая разрывае спіраль самотнасці. Іх працягнутая ў наш бок рука таксама з’яўляецца заклікам да выйсця з нашай бяспекі і камфорту, распазнання каштоўнасці, якую беднасць мае сама па сабе”, - заўважыў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што беднасць усклікае да нас кожны дзень у тысячах сваіх абліччаў, пазначаных болем, адчужэннем, злоўжываннямі, насіллем, катаваннямі і зняволеннем, войнамі, пазбаўленнем свабоды, гандлем людзьмі і рабствам, выгнаннем і галечай, вымушанай міграцыяй. “Беднасць мае аблічча жанчын, мужчыны, дзяцей, якія выкарыстоўваюцца ў гідкіх інтарэсах, растаптаныя перакручанай логікай улады і грошай”. Перад абліччам гэтай сітуацыі нельга заставацца інертнымі і трапляць у роспач, заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што Сусветны дзень бедных павінен даць хрысціянам стымул, каб супрацьстаяць культуры адчужэння і марнатраўства і зрабіць культуру сустрэчы сваім ладам жыцця. Францішак заклікаў усіх людзей добрай волі да салідарнасці з беднымі, малітвы за іх і сустрэчы з імі. Сам Пантыфік, у Сусветны дзень бедных, пасля Эўхарыстыі ў базыліцы св. Пятра, паабедае ў Ватыкане з 500 беднымі.

Францішак абвясціў аб устанаўленні Сусветнага дня бедных у Апостальскім лісце “Misericordia et misera”, які быў апублікаваны на заканчэнне Надзвычайнага Юбілейнага Году. Гэты Дзень будзе адзначацца ў Касцёле кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года ў якасці патрыхтоўкі да ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету.

 








All the contents on this site are copyrighted ©.