2017-06-13 10:09:00

Ватыканскі банк апублікаваў справаздачу за 2016 год


Інстытут рэлігійных спраў, шырока вядомы як Ватыканскі банк, 12 чэрвеня 2017 г. апублікаваў сваю фінансавую справаздачу за 2016 г. Дакумент такога роду абнародуецца ўжо ў пяты раз. Фінансавы аўдыт гадавога балансу быў праведзены незалежнай структурай: амерыканскай кампаніяй “Deloitte & Touche S.p.A”

У 2016 г. Інстытут рэлігійных спраў абслугоўваў каля 15 тыс. кліентаў з розных частак свету, якія даверылі структуры рэсурсы на агульную суму 5,7 млрд. еўра, што на 100 млн. менш чым годам раней. На працягу года былі прадпрыняты шматлікія ініцыятывы, каб выйсці насустрач патрэбам кліентаў, захоўваючы павагу да місіі Інстытута, гаворыцца ў справаздачы.

Інстытут рэлігійных спраў з разважлівасцю служыў і аказваў фінансавыя паслугі Каталіцкаму Касцёлу і Дзяржаве Ватыкан. Працягвалі змяншацца аперацыйныя выдаткі, якія склалі 19,1 млн. еўра, супраць 23,4 млн. еўра ў 2015 г., дзякуючы рацыяналізацыі службовых кантрактаў з пастаўшчыкамі паслуг.

Капітал Інстытута рэлігійных спраў на 31 снежня 2016 г. складаў 636,6 млн. еўра, што сведчыць аб яго высокай плацежаздольнасці і нізкім узроўні рызыкаў. Асноўны прыбытак – 46 млн. еўра – быў атрыманы ад кіравання ўласнасцю, якая знаходзіцца ў распараджэнні Інстытута рэлігійных спраў. Чысты прыбытак склаў 36 млн. еўра супраць 16,1 млн. годам раней. 

“Такі вынік быў дасягнуты шляхам разважлівага падыходу да кіравання інвестыцыямі Інстытута рэлігійных спраў на працягу года, які характарызаваўся высокай валацільнасцю, глабальнай палітычнай нестабільнасцю, выкліканай нечаканымі вынікамі большасці электаральных падзей і нізкімі працэнтнымі стаўкамі”, - гаворыцца ў дакуменце.








All the contents on this site are copyrighted ©.