2017-06-14 13:46:00

Папа ўзначаліць адкрыццё кангрэса Рымскай дыяцэзіі


Францішак узначаліць адкрыццё штогадовага кангрэсу Рымскай дыяцэзіі. Цырымонія адбудзецца 19 чэрвеня 2017 г. у базыліцы св. Яна на Латэране. Тэма форума: “Не пакінем іх у адзіноце! Суправаджаць бацькоў у выхаванні дзяцей падлеткавага ўзросту”. Святы Айцец звернецца да ўдзельнікаў сустрэчы з уводным словам. 

Кангрэс закончыцца прамовай кардынала Агасціна Валіні, Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі, які завершыць сваё служэнне на гэтай пасадзе праз дзевяць дзён пасля форума. У падзеі будзе прымаць удзел яго наступнік: арцыбіскуп Анджэла Дэ Данаціс, якога папа Францішак прызначыў 26 мая 2017 г. сваім новым вікарыем для Рымскай дыяцэзіі. 

На наступны дзень пасля адкрыцця кангрэса яго ўдзельнікі – біскупы, святары, законнікі і законніцы, свецкія супрацоўнікі дыяцэзіяльных структур – прымуць удзел ў круглых сталах, прысвечаных праблеме выхавання моладзі. Яна будзе разглядацца ў святле штодзённага сямейнага жыцця, вучобы, сацыяльных сетак, адносін паміж пакаленнямі, праблемы беднасці і ізаляцыі сем’яў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.