2017-06-14 14:55:00

Рада кардыналаў размаўляла аб дэцэнтралізацыі ў Касцёле


Пытанне перадачы некаторых функцый дыкастэрый Рымскай курыі мясцовым епіскапатам, было адной з тэм, якая абмяроўвалася на працягу трох апошніх дзён Радай кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлу. 14 чэрвеня 2017 г. Грэг Бёрк, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, правёў у Ватыкане кароткі брыфінг, на якім падзяліўся падрабязнасцямі 20-га пасяджэння групы бліжэйшых папскіх дарадчыкаў.

Рада кардыналаў працягвала займацца вывучэннем магчымасцяў для паляпшэння служэння Рымскай курыі мясцовым Касцёлам. Напрыклад, гаворка ішла пра магчымасць больш шырокіх кансультацый, якія б уключалі меркаванне кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, адносна кандыдатаў да біскупскага служэння.

Гучалі таксама прапановы аб перадачы некаторых кампетэнцый дыкастэрый Рымскай курыі мясцовым біскупам ці епіскапатам, у духу здаровай дэцэнтралізацыі. У гэтым кантэсце гаворка ішла пра магчымасць перадачы ад Кангрэгацыі па справах духавенства да епіскапатаў, пытанняў, якія тычацца дазволу на ўдзяленне прэзбітэрскага пасвячэння сталаму нежанатаму дыякану; дазволу на новае сужэнства для сталага дыякана, які застаўся ўдаўцом; дазволу на прэзбітэрскае пасвячэнне сталага дыякана, які застаўся ўдаўцом. 

Папскія дарадчыкі працягвалі абмяркоўваць пытанні, звязаныя з рознымі дыкастэрыямі Рымскай курыі, у прыватнасці з Кангрэгацыяй Евангелізацыі Народаў. Яны займаліся вывучэннем тэкстаў, якія затым будучы прапанаваныя да зацвярджэння Святому Айцу, адносна Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Папскай рады па інтэрпрытацыі заканадаўчых тэкстаў, трох ватыканскіх судовых структур: Апостальскай Пэнітэнцыярыі, Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры і Трыбуналу Рымскай Роты. 

Кардынал Джордж Пэл прадставіў абноўленую інфармацыю аб працы Сакратарыята па эканамічных пытаннях, з асаблівай увагай на крокі, зробленыя ў працэсе планавання эканамічных рэсурсаў і маніторынгу фінансавых планаў на першы квартал 2017 г., якія галоўным чынам былі падтрыманы, з невялікімі выключэннямі, якія тычыліся бюджэту. Хутка распачнецца працэс планавання бюджэту на 2018 г. і маніторынг бюджэту на другі квартал 2017 г.

Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі, кс. Дарыё Вігано, прадставіў справаздачу аб рэформе камунікацыйнай сістэмы Апостальскай Сталіцы: ім былі прадэманстраваны эканамічныя і адміністрацыйныя складнікі працэсу, вылучаны станоўчыя вынікі. Затым кс. Вігано пазнаёміў з бягучымі працэсамі ў стварэнні новай камунікацыйнай сістэмы, у адпаведнасці з пажаданнямі Святога Айца, якія прагучалі ў прамове з нагоды першай пленарнай сесіі гэтай структуры.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў адбудзецца 11-13 верасня 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.