2017-06-17 13:23:00

Пантыфік прыняў на аўдыенцыі Канцлера Германіі


17 чэрвеня 2017 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Канцлера Германіі Ангелу Меркель. Пасля размовы са Святым Айцом кіраўнік нямецкага ўраду сустрэлася з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

Падчас сардэчных перамоў былі адзначаны добрыя адносіны і плённае супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Германіяй. Былі абмеркаваны пытанні, якія ўяўляюць агульны інтарэс, асабліва ў святле наступнага саміту лідэраў краін “Вялікай дваццаткі”, што пройдзе на пачатку ліпеня ў Гамбургу. Бакі пагадзіліся з неабходнасцю надання асаблівай увагі адказнасці, якую нясе міжнародная супольнасць за выкараненне беднасці і голаду, супрацьстаянне глабальнай пагрозе тэрарызму і адказ на кліматычныя змены, гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Святога Пасаду.

Падчас размоваў была ўзгадана асоба былога Канцлера Германіі Гельмута Коля, які адышоў у вечнасць 16 чэрвеня 2017 г. Суразмоўцы падкрэслілі значны ўнёсак, які палітык зрабіў для аб’яднання Германіі і адзінства Еўропы.

Гэта была пятая сустрэча Францішка з Ангелай Меркель.Першая мела месца пасля інаўгурацыі яго пантыфікату – 19 сакавіка 2013 г., наступная праз два месяцы – 18 мая, чарговая – 21 лютага 2015 г., і чацвёртая – 6 мая 2016 г., падчас уручэння Святому Айцу прэміі Карла Вялікага. На гэтых сустрэчах Меркель і Францішак абмяркоўвалі палітыку ў адносінах да бежанцаў і абароны клімату, будучыню еўрапейскага праекту.








All the contents on this site are copyrighted ©.