2017-06-17 11:06:00

Пантыфік ухваліў дэкрэты аб мучаніцтве і гераічнасці цнотаў


Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі 16 чэрвеня 2017 г. прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынала Анджэла Амата і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва і гераічнасці цнотаў некалькіх кандыдатаў да хвалы алтароў.

Мучанікам быў прызнаны італьянскі свецкі вернік Тэрэзіа Алівэлі, забіты 17 студзеня 1945 г. з нянавісці да веры ў нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры “Хэрсбрук”, у Германіі. Да пачатку Другой сусветнай вайны будучы благаслаўлёны актыўна ўдзельнічаў у жыцці Касцёла, быў членам каталіцкіх моладзевых рухаў і рупліва дапамагаў бедным і хворым. У 1942 г. дабраахотнікам адправіўся на Усходні фронт, дзе пасля разгрому італьянскай арміі, вылучаўся хрысціянскай міласэрнасцю і мужнасцю ў клопаце пра параненых.

Пасля вяртання ў Італію, у 1943 г., Тэрэзіа Алівэлі, стаў рашучым праціўнікам фашызму, у выніку чаго быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер. Па дарозе змог уцячы і далучыцца да каталіцкага падполля, больш не прымаючы ўдзелу ў баявых дзеяннях, а займаючыся толькі выхаваўчай і дабрачыннай працай. Пасля паўторнага арышту быў накіраваны ў канцлагер “Хэрсбрук”, дзе актыўна займаўся евангелізацыяй. Калі супрацоўнікі лагера ўбачылі, што ён аказвае дапамогу хворым зняволеным, цяжка яго збілі. Праз два тыдні пасля гэтага, у 29-гадовым узросце, ён памёр ад атрыманых раненняў. 

Ухваленыя Францішкам дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў, тычацца Слугаў Божых: партугальскага біскупа Порту і місіянера Антоніу Жазэ Дэ Соўса Бароза; перуанскага біскупа Агуас-Кальентэса і заснавальніка кангрэгацыі Каталіцкім Сясцёр Настаўніц Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хасэ Лопэса-і-Гансалеса; італьянскага біскупа Сан-Марка-Арджэнтана-Бізіньяна Агасціна Эрнэста Кастрыла, з Ордэна Меншых Братоў; італьянскага святара, айца Джакама Да Балдуіна, з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў; італьянскай законніцы і заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Кармелітанак Босых з Турына Марыі Дэлі Анджэлі, з Ордэна Кармелітанак Босых; мексіканскай законніцы Умільдэ Патлан Санчэс, з кангрэгацыі Сясцёр Францішканак ад Беззаганнага Зачацця.








All the contents on this site are copyrighted ©.